Палітолаг: Еўропа прайграе інфармацыйную вайну з Лукашэнкам
Палітолаг Павел Усаў пракаментаваў вяртанне амбасадараў ЕС у Беларусь і распавёў, якіх крокаў цяпер чакаць ад Бруселя ды Мінска.
Еўрарадыё: Раней паведамлялася, што амбасадары, як разам з’ехалі, гэтаксама разам і вернуцца. Чаму ж яны вяртаюцца паасобку?
Павел Усаў: Ёсць некалькі прычын. Першая - Еўропа вырашыла не выпрабоўваць цярплівасці Лукашэнкі і зрабіла крок насустрач, пасля таго, як былі вызваленыя Саннікаў ды Бандарэнка. Гэта – жэст добрай волі, каб паказаць, што Еўропа гатовая зняць напружанне паміж Беларуссю ды ЕС, гатовая да новага раўнду дыялогу і чакае сустрэчнай рэакцыі беларускіх уладаў – вызвалення ўсіх астатніх палітычных вязняў. Што да цэнтралізаванасці – няма ў Еўропе пакуль цэнтралізаванага прыняцця рашэнняў: рашэнне выносяць кожная краіна паасобку. Гэта не залежыць ад Бруселя.
Еўрарадыё: Але рашэнне з’ехаць яны прынялі разам. Цэнтралізавана гэта ж не значыць, што рашэнне прыняў нейкі орган ЕС, а тое, што краіны вырашылі адклікаць амбасадараў разам.
Павел Усаў: Гэта было прынцыпова, калі былі выдаленыя амбасадары асобных краін ЕС. Асноўная ўмова была ў тым, што будзе вернуты той самы амбасадар Польшчы ды прадстаўнік ЕС. Каб Беларусь не вырашала, каму вяртацца, а каму не вяртацца. Бо як мы памятаем, Лукашэнка казаў, што ён сам будзе вырашаць, каму вяртацца, а каму – не. Таму, калі Беларусь не паставіла такіх умоваў, што нехта не можа вернуцца – амбасадары пачалі вяртацца. Калі вернецца польскі амбасадар – вернуцца ўсе.
Еўрарадыё: Складаецца ўражанне, што Лукашэнка вызваляе палітвязняў, а Еўропа вяртае амбасадараў бязгучна, дэ факта таксама робіць саступкі Лукашэнку, але не афішуе гэтага.
Павел Усаў: Я цалкам згодны, што ў гэтым сэнсе Еўропа прайграе інфармацыйную вайну з Лукашэнкам. Гучныя заявы Еўропы аб вяртанні не далі б карысці ўнутры Беларусі. Лукашэнка ў Беларусі з’яўляецца інфармацыйным манапалістам, калі казаць пра гучныя і сенсацыйныя заявы. Уплыў еўрапейскіх СМІ на беларускае грамадства вельмі малы, таму Лукашэнка адчувае інфармацыйную бяспеку. Нагадаю, што калі амбасадары з’ехалі – гэта ніяк не адбілася на грамадскіх настроях: беларусы збольшага і не ведалі пра нейкую дыпламатычную вайну. Варта падкрэсліць, што вяртацца пад Лукашэнкаву рыторыку, што тыя нібы самі напрасіліся, не на карысць ЕС. Варта было б пачакаць наступнага моманту, а не вяртацца ў перыяд палівання Еўропы брудам. Трэба навучыць Лукашэнку выражацца згодна з дыпламатычным пратаколам.
Еўрарадыё: Але гэта магло б заняць шмат гадоў…
Павел Усаў: Навучыць Лукашэнку нельга. Ягоная рыторыка не змянілася за дзесяць год. Таму з ім можна размаўляць толькі з пазіцыі кія і сілы, а не так, як прызвычаіліся размаўляць еўрапейцы. Яны прызвычаіліся захоўваць пэўныя міжнародныя нормы і пагадненні. Лукашэнка ж не прытрымліваецца ніякіх нормаў і пагадненняў, нават тых, якія сам падпісаў. І як толькі інтарэсы Лукашэнкі пачнуць абмяжоўвацца у Беларусі – вернецца палітыка рэпрэсій.
Еўрарадыё: Ці будуць працягвацца крокі насустрач?
Павел Усаў: Сёння ўсё залежыць ад Лукашэнкі. Але, мы бачым, што той стаіць на прынцыповай пазіцыі і дамагаецца таго, каб астатнія палітвязні напісалі прашэнні. Для яго гэта прынцыпова. Еўропа зацікаўленая, каб распачаць дыялог, і яна не будзе надта ціснуць. Вызваленне палітвязняў для яе – і праграма мінімум і максімум, каб пачаць дыялог, што скончыўся 19-га снежня. Але сёння ўсё залежыць ад Лукашэнкі, і калі амбасадары вернуцца, найбольш карысна для яго было б вызваліць усіх палітвязняў на працягу месяца. Але для Лукашэнкі прынцыпова, каб той жа Статкевіч падпісаў прашэнне, бо ён тады выйдзе пераможцам у канфлікце асобаў. Цяпер мы маем дачыненне паміж Лукашэнкам і Статкевічам і Еўропа не можа на гэта паўплываць.