Палітвязень Андрэй Клімаў перадаў вестку на волю

Палітвязень Андрэй Клімаў даслаў з Мазырскай выпраўчай калоніі ліст лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку. Клімаў піша пра працэс акліматызацыі ў Мазыры, дзе зараз ён знаходзіцца на каранціне.  Пра змест гэтай рэдкай весткі ад Клімава “Еўрарадыё” распавёў Лябедзька:

“Настрой яго ўсё ж такі застаецца спакойным, роўным, упэўненым. Ён з пароды тых людзей, якіх не зламаць праз турму, "праз калена"… Ён перадае ўсім прывітанні. Піша пра тое, што яго прынцыпы, яго падыходы, як былі нязменныя, так і застаюцца, і што ён ні пра што не шкадуе”.

Зараз Клімаў прастудзіўся і хварэе, паведаміў Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, Андрэй Клімаў 1 жніўня быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за артыкул ў Інтэрнэце, які, нібыта, змяшчаў заклікі да звяржэння ўлады. Раней Клімаў ужо правёў 5 гадоў за кратамі.