Палітвязня Сяргея Парсюкевіча перавялі ў жодзінскі следчы ізалятар

Асуджанага віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча 2 траўня перавялі ў следчы ізалятар Жодзіна (Смалявіцкі раён). Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на адваката Веру Страмкоўскую. Гэты перавод звязаны з рамонтам следчага ізалятара ў Мінску. Стан здароўя прадпрымальніка здавальняючы. Усе неабходныя яму лекі родныя перадалі. Раней гаварылася, што Парсюкевіча пакладуць у лякарню, аднак, па словах адваката, вострай неабходнасці пакуль у гэтым няма.

Нагадаем, што Парсюкевіч асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў збіцці супрацоўніка мінскага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Суд адбыўся 23 красавіка. Сам прадпрымальнік віну не прызнаў.