Палітык Аляксандр Мілінкевіч прыйшоў у Кобрын пешшу

6 разоў за два дні затрымлівалі міліцыянты палітыка Аляксандра Мілінкевіча. Гэта здарылася падчас ягоных паездак па Брэсцкай вобласці. Як ужо паведамляла Еўрарадыё, 29 лютага аўтамабіль Мілінкевіча аж 4 разы спынялі супрацоўнікі ДАІ - у Івацэвіцкім, Кобрынскім і Жабінкаўскім раёнах. Аднак ён усё ж дабраўся да Брэста і правёў сустрэчу з мясцовымі жыхарамі, на якую прыйшло каля 200 чалавек.

Учора Аляксандр Мілінкевіч паехаў у Кобрын, але аўтамабіль быў спынены супрацоўнікамі ДАІ яшчэ да горада. Яны прапанавалі праехаць у аддзяленне міліцыі. Аднак Мілінкевіч на гэты раз не быў за рулём, ён адправіў кіроўцу з аўтамабілем у міліцыю, а сам з паплечнікамі пайшоў у Кобрын пешшу.

Сустрэча з жыхарамі горада праходзіла пад праліўным дажджом, на яе прыйшлі каля 30 чалавек. Пасля акцыі Мілінкевічу прапанавалі наведаць мясцовую міліцыю для дачы тлумачэнняў у справе арганізацыі "несанкцыянаванага мерапрыемства". Праз гадзіну палітыка адпусцілі, інфармуе яго прэсавая служба.