Палякі і расіяне шукаюць беларускі "Катынскі спіс"

Расійскія і польскія гісторыі пільна шукаюць беларускі "Катынскі спіс" з прозвішчамі 4 тыс. палякаў-асаднікаў з Беларусі, расстраляных НКВД. “Гэта дакумент незвычайнай важнасці. Яго чакаюць тысячы сем’яў палякаў, якія пасля 17 верасьня 1939 г. загінулі без вестак на занятых Чырвонай Арміяй абшарах ІІ Рэчыпаспалітай, названых Заходняй Беларуссю. Там зніклі афіцэры, паліцыянты, функцыянеры Корпусу аховы памежжа, кіраўнікі — уся мясцовая эліта”, — сказаў у інтэрв’ю “Газэце Выборчай” Анджэй Скомпскі, кіраўнік Федэрацыі Катынскіх сем'яў.

У Беларусі былі забітыя 3870 палякаў, але дагэтуль невядомы асабовы склад і месцы пахаванняў. Асобныя акты мелі застацца на Лубянцы ў Маскве, куды іх перадавала НКВД з Заходняй Беларусі, а копіі — у архіве НКВД ў Мінску. Мінскія копіі маглі згінуць падчас хуткага нямецкага наступу ў 1941.

Гісторыкі спадзяюцца, што ацалелі запіскі 15-й брыгады канвойных войскаў, якая заўжды складала дакладныя спісы канваяваных. Цяпер гісторыкі шукаюць “беларускія катынскія спісы” ў Маскве і хочуць распачаць пошукі ў Мінску.

Нагадаю, беларуская дзяржава пярэчыць спробам называць беларускія землі “Крэсамі” і лічыць польскае асадніцтва ў Заходняй Беларусі акупацыйным. Гісторыкі апісваюць таксама працэсы паланізацыі на землях Заходняй Беларусі ў 1920-1939 гг. Вядома, што разам з этнічнымі палякамі ў Катыні ды іншых месцах масавых экзэкуцый гінулі і беларускія актывісты.