Памерла паэтка Бэла Ахмадуліна

У падмаскоўным Перадзелкіне на 74-м годзе жыцця памерла расійская паэтка Бэла Ахмадуліна.
Паэтцы стала дрэнна, і сваякі выклікалі хуткую дапамогу. Аднак лекары не паспелі яе выратаваць: Ахмадуліна памерла ў машыне хуткай па дарозе ў лякарню. СМІ паведамляюць, што ў паэткі быў сардэчна-сасудзісты крызіс.

Блізкі сябар паэткі Яўген Еўтушэнка падкрэсліў, што Расія страціла ў гэты дзень не толькі вялікую паэтку, але і прыклад грамадзянскай высакароднасці. Нагадаем, што ў 1959 годзе Бэла Ахмадуліна была выключаная з Літаратурнага інстытуту імя Горкага за адмову ўдзельнічаць у цкаванні Барыса Пастарнака. У 1979 годзе яна ўдзельнічала ў вядомым самвыдатаўскім альманаху "Метропаль". У 93-м паэтка падпісала "Ліст 42-х": у ім вядомыя літаратары патрабавалі забараніць усе віды нацыяналістычных і камуністычных партый, франтоў і аб'яднанняў.