Памёр Хіт Лэджэр


28-гадовы аўстралійскі акцёр Хіт Лэджэр, зорка фільма «Гарбатая гара», быў знойдзены мёртвым у сваёй кватэры на Манхэтэне.
Цела акцёра ўчора знайшла яго хатняя гаспадыня. Яна ўбачыла аголенага Хіта, які ляжаў тварам уніз на падлозе. Вакол былі раскіданы таблеткі снатворнага. Адразу былі выкліканы медыкі, якія канстатавалі поўнае спыненне сэрца. Электрашокавая тэрапія не дала выніку.

Паліцыя пакуль не раскрывае падрабязнасці смерці Лэджэра. Паміж тым, як паведамляе выдавецтва Variety, нью-ёркская паліцыя не выключае версію аб перадазіроўцы наркотыкамі: каля цела акцёра былі знойдзены нейкія медыцынскія прэпараты.

У апошні час Лэджэр меў праблемы ў асабістым жыцці. Ён разыйшоўся са сваёй дзяўчынай Мішэль Уільямс, якая 2 гады таму нарадзіла ад Лэджэра дачку.

Хіт Лэджэр стаў знакамітым дзякуючы фільму «Гарбатая гара» Энга Лі аб каўбоях-гомасексуалістах, дзе ён адыграў адну з галоўных роляў. Здымкі ў гэтай карціне прынеслі акцёру намінацыі на «Оскар» і «Залаты глобус» за лепшую мужчынскую ролю.

Апроч того, Лэджэр граў у фільмах «Патрыёт», «Гісторыя рыцара», «Браты Грым», «Казанова» і «Бал монстраў».