Памёр сябра і настаўнік The Beatles

У Нью-Ёрку ва ўзросце 66 гадоў памёр ад раку лёгкіх былы мэнэджэр легендарнага гурта The Beatles Ніл Эспінал. "Ніл быў сапраўдным сябрам і кіраўніком кампаніі, ён пакінуў вялізную спадчыну наступным пакаленням", – гаворыцца ў заяве, апублікаванай пасля смерці Эспінала Полам Макартні, Рынга Старам і ўдовамі Джона Ленана і Джорджа Харысана.

Эспінал пазнаёміўся з Макартні і Харысанам у школе, стаў першым мэнэджэрам The Beatles і пачаў вазіць удзельнікаў гурта на гастролі на сваёй машыне. У 1968 годзе Эспінал узначаліў гуказапісвальную кампанію Apple Coprs. Пасля распаду The Beatles у 1970 годзе ён працягваў прадстаўляць камерцыйныя інтарэсы гурта.

Эспінал быў выканаўчым прадзюсарам фільма Beatles Anthology і займаўся шмат якімі праектамі The Beatles, уключаючы альбом Beatles One. Летась ён пакінуў свой пост у кампаніі Apple Corps.

Ніл Эспінал таксама вядомы сярод прыхільнікаў ліверпульскай чацвёркі тым, што разам з музыкамі праспяваў знакамітую песню "Жоўтая падводная лодка".

Фота: www.beatles.ru