Папа Бо: "На нашыя канцэрты можна прыходзіць без галавы!"

Папа Бо (ён жа Аляксандр Багданаў) раскручвае сяброў музыкаў, робіць ім канцэрты, дазваляе публіцы вычварацца на канцэртах і запрашае прыходзіць на арганізаваныя ім вечарыны без галавы. Пра тое, як за тры гады ўдалося вырасці з аматаршчыны да прафесійнага ўзроўню арганізацыі, як арганізаваць якасны кватэрнік, залагодзіўшы ўсіх бабулек, як арганізаваць канцэрт гурта, які наўрад ці спадабаецца ў Мінгарвыканкаме і шмат што іншае, Бо распавёў напярэдадні трохгоддзя агенцтва BoPromo.
* * *
Ёсць у Мінску адзін малады чалавек, які ўжо не першы год спрабуе разварушыць беларускі музычны андэграўнд. Ён піша пра гэты андэграўнд у сваім вельмі папулярным ЖЖ, ён арганізоўвае канцэрты гэтаму андэграўнду, ён бярэ андэграўнд за вушы і цягне яго на гастролі ў суседнія краіны, ён прабівае андэграўнду студыі і запіс дыскаў, стараецца, адным словам.

І што вы думаеце, за апошнія тры гады ён так расстараўся, што яго маленькая прома-кантора ў адну асобу вырасла ў сапраўднае канцэртнае агенцтва з уласным лэйблам і сур'ёзнымі перспектывамі.

Вядома, гутарка ідзе пра Папу Бо (Аляксандра Багданава) і яго канцэртнае агенцтва BoPromo, трохгоддзе якога ў мінулыя выходныя адзначылі разам 8 гуртоў, 6 ды-джэяў і чалавек 500 публікі.

А перад гэтай мега-падзеяй мы вычапілі Папу Бо на канцэрце Карпа, адвялі ў цёмны дворык, уключылі дыктафон і, пад кроплі лёгкага дожджыка, пагаманілі пра жыццё-быццё незалежнага прома-агенцтва.



ЕРБ:
Памятаю, у мінулым годзе, калі BoPromo спаўнялася яшчэ толькі 2 гады, на вечарыну ў «Стэп» прыйшло столькі людзей, што добрая частка не змагла нават трапіць на вечарыну – не было мейсца. У гэтым годзе вы арэндавалі значна большы Fabrique, але людзей назбіралі ўсё ж менш, чым мог бы змясціць клуб. Чаму так?

Бо: Таму, што цяпер сесіі, таму, што дажджы, і таму, што сёння ў людзей ёсць, нарэшце, вялікі выбар канцэртаў і вечарын, на якія можна схадзіць. Гэта вялікі плюс! Увогуле і гуртоў больш стала, і людзей, якія цікавяцца альтэрнатыўнай музыкай. Калі ў мінулым годзе на андэграўндныя канцэрты хадзіла выключна моладзь, то цяпер туды ходзяць і дарослыя. Гэта сведчыць пра тое, што і ім падабаецца жывая і якасная музыка.

ЕРБ: Дарэчы, пра якасць. Як ты лічыш, гурты, якія ты раскручваеш — "Серебряная Свадьба", "Гурзуф", "ПортМоне", "Аддис Аббеба" ну і астатнія, — выраслі па якасці?

Бо: Безумоўна выраслі, сталі на прыступку вышэй. Часткова тут і мы паўплывалі, бо забяспечылі ім дастаткова шчыльны гастрольны графік не толькі ў Беларусі, нават за мяжой. Гурты атрымалі пэўны досвед: як працаваць на сцэне, з публікай. І зараз яны сталі значна цікавейшымі і… прэзентабельнымі, во! Не сорамна паказваць.



М-ДОМ — "Музыка для очень многих"

ЕРБ: Раскажы, што гэта за новы лейбл, які вы збіраецеся адкрываць?

Бо: Называцца ён будзе М-Дом — гэта расшыфроўваецца як "Музыка для очень многих". Мэта лейблу — такая ж як і ў прома-групы, толькі праектам будуць займацца крыху іншыя людзі. Асноўнай мэтай будзе арганізацыя не канцэртаў, тураў, а выдавецтва дыскаў гэтых гуртоў, мэтанакіраваны і прадуманы піяр. Пад гэтым лейблам мы нават дыск-зборку выпускаем.

ЕРБ: О, цікава. Якія гурты будуць на гэтай зборцы?

Бо: "Серебряная Свадьба", "ПортМоне", "Аддис Аббеба", новы гурт The Toobes, які з'явіўся толькі паўгода таму, але ўжо вельмі нашумеў. Гэта тры маладыя чалавекі, двум з якіх па 18 гадоў. Граюць яны revival-rock, штосьці кшталту Led Zeppelin. Яшчэ ў зборку мы ўключылі гурты "Кассиопея", "Петля Пристрастия" і "НосОрОгов" — гэта праект вядомага мінскага бард-кор выканаўцы Міхея. Кожны гурт прадставіў нам па дзве кампазіцыі, прычым гэтыя кампазіцыі — не проста студыйныя запісы, а ў сваім родзе эксклюзівы. Некаторыя гурты прадставілі радыё-версіі, рэміксы, акустычныя версіі, канцэртныя, то бок гэта будзе зборка рэдкіх запісаў, якіх не знойдзеш ні на альбомах гэтых гуртоў, ні ў інтэрнэце — толькі на нашым дыску!

ЕРБ: Вы яго будзеце бясплатна распаўсюджваць, ці прадаваць?

Бо: Будзем прадаваць. Хутка М-ДОМ з’явіцца ва ўсіх музычных крамах Мінску і каштаваць будзе 15 тысячаў беларускіх рублёў за ліцэнзійны дыск.

ЕРБ: Так кажаш, быццам будуць і не ліцэнзійныя…

Бо: Думаю, крышачку будуць. Для прэсы... Для цябе!



"Я вельмі пакладзісты чалавек, таму ўсім утульна і камфортна са мной"

ЕРБ: Прапаную, каб ты зараз расказаў крышку пра BoPromo. Якія яшчэ добрыя людзі стаяць за імем Аляксандр Багданаў?

Бо: Гэта яшчэ два дызайнеры – Зміцер Ску, які адначасова з’яўляецца арганізатарам разнастайных канцэртаў у горадзе Баранавічы, і Сяргей Шабохін, які афармляў вокладкі для альбомаў “Нагуаль” і “Серебряной Свадьбы”, а цяпер працуе сцэнічным мастаком у СМТ у новым спектакле “Кысь”...

ЕРБ: А вось да нас яшчэ адзін чалавек падышоў – таксама ваша?

Бо: Так, гэта Лявонава Вольга, наш адміністратар. Яна ўсяляк спрыяе развіццю BoPromo і парадку ў нашай “непарадачнай” арганізацыі. Яшчэ ў камандзе два гукарэжысёры – Алег Даманчук і Мікалай Сапуноў, – у іх ёсць свае студыі гуказапісу, там пішацца большасць нашых гуртоў, і рэпетуюць таксама. А яшчэ ў нас ёсць пяць дзяўчат, якія распаўсюджваюць флаеры і афішы. І копірайтэр у нас ёсць – Маша Грудзько, якая працуе на “Тузіне Гітоў”.

ЕРБ: Слухай, даволі вялікая кампанія! Як яны ўсе з табою ладзяць?

Бо: Я вельмі пакладзісты чалавек, таму ўсім утульна і камфортна са мной.


"Яны сяруць пад сталы, распранаюцца да гала, ламаюць пальцы гіпсавым скульптурам. Усё добра, адным словам!"


ЕРБ: У цябе цяпер вельмі добра атрымліваецца дамаўляцца з нашымі клубамі на канцэрты. Хаця яшчэ не так даўно з гэтым былі вялікія праблемы. Што змянілася?

Бо: Мне падаецца, зараз мы набылі аўтарытэт не толькі сярод нашай публікі, але і сярод уладальнікаў клубаў. Яны пабачылі, што нашы гурты запатрабаваныя, і што на іх ходзіць шмат людзей. Нарэшце! Даходзіць нават да таго, што яны самі тэлефануюць і завуць зрабіць у іх якое-небудзь мерапрыемства.

ЕРБ: Ну, напрыклад?

Бо: Напрыклад, клуб “Гудвін”.

ЕРБ: “Гудвін”? Ты ж расказваў, што ў “Гудвін” цябе больш ніколі не пусцяць, пасля таго, як ты зрабіў там канцэрты Пукста і “Солнцецветов”, дзе Пукст зваліўся са сцэны, пацягнуўшы за сабою комбікі, а Солнцецветы распужалі ўсю “почтенную публику” гучным нойзам. Усё, забыліся на гэта ўладальнікі?

Бо: Так, мне здаецца, яны ўжо больш нічога не баяцца.

ЕРБ: Хочаш сказаць, што людзі больш нічога не вычвараюць на канцэртах, якія ты ладзіш там?

Бо: Вычвараюць. Але і няхай.

ЕРБ: А што вычвараюць?

Бо: Як гэта мякчэй сказаць у эфіры... Яны сяруць пад сталы, распранаюцца да гала, ламаюць пальцы гіпсавым скульптурам. Усё добра, адным словам!


"...яны гатовыя прыехаць нават толькі за дарогу, без ганарару. Як зрабілі I love you baby"

/sites/default/files/legacy_articles/images/2008/05/83534/cms-image-000008530.gif
ЕРБ: Раскажы пра замежныя гурты, якія ты апошнім часам пачаў прывозіць у Мінск. Як ты на іх выйшаў, ці яны на цябе?

Бо: Выходзяць, дзякуючы плёткам і Інтэрнэту!

ЕРБ: О! Ты таксама пра сябе плёткі пускаеш?

Бо: Так, плёткамі поўніцца свет, і часамі гэты ажыятаж можна скарыстаць на сваю карысць.

ЕРБ: І што ж апошняе ты пра сябе прыдумаў?

Бо: Што я – гомасэксуаліст. Мне было цікава, як распаўсюджваюцца плёткі, вось я і сказаў камусьці пра гэта. А разышлося так моцна, што я і не чакаў нават. Але мне гэта на руку было. Усё на руку! Карма!

ЕРБ: Вернемся да замежных гуртоў – як іх давялося ўвогуле зацягнуць у Мінск? Яны ж амаль усе баяцца нас!

Бо: Шмат хто баіцца, а шмат каму і цікава. І яны гатовыя прыехаць нават толькі за дарогу, без ганарару. Як зрабілі "I love you baby".

ЕРБ: Ну, можа гэты гурт зусім непапулярны ў сваёй Швецыі...

Бо: Няпраўда, яны даволі папулярныя ў каляэлектроннай тусоўцы, у іх прадаюцца дыскі. І ў Беларусі, як не дзіўна, шмат людзей ведалі пра іх і прыйшлі на канцэрт. А увогуле, кантакт з захадам з большага адбываецца праз Myspace — мы гэтаму сайту вельмі ўдзячныя! І табе, Котка, што калісьці яго нам адкрыла.


"Сябры па-рознаму дапамагаюць нам, і атрымліваюць за гэта бясплатныя квіткі"

ЕРБ: Скажы, ты да гэтага часу працуеш толькі з сябрамі? Ці як сур’ёзная камерцыйная структура ладзіш канцэрты нават тым, хто не падабаецца.

Бо: Не, ні ў якім разе! Мы сябруем з музыкамі, і мне падабаецца супрацоўнічаць менавіта з сябрамі. Нават калі я не ведаю гурт асабіста, але пры праслухоўванні яны мяне зачапілі – я вазьмуся за тое, каб прывезці іх у Мінск. А пасля, так здараецца амаль заўсёды, мы становімся добрымі сябрамі, і музыкі хочуць прыехаць яшчэ, прыехаць проста на вакацыі, патусіць з намі.

ЕРБ: Так адбылося з гуртом “Наеховичи”?

Бо: З “Наеховичами” мы сябруем даўно! Дарэчы, у хуткім часе зноў прывязем іх у Мінск з новым альбомам – 22 чэрвеня ў “Гудвін”. Там будуць “Наеховичи” і “Серебряная свадьба”.

ЕРБ: У «Гудвін»? О! З якімі вычварэннямі ў галаве туды ісці на гэты раз?

Бо: Без галавы можна прыходзіць увогуле! (смяецца)

/sites/default/files/legacy_articles/images/2008/05/83534/cms-image-000008534.gifЕРБ: Ёсць другі бок сяброўскай арганізацыі канцэртаў – калі ўсе сябры хочуць трапіць на канцэрт на халяву. Як ты з гэтым змагаешся?

Бо: Нууу... Усе нашы сябры добра разумеюць, што такое арганізаваць канцэрт. Таму яны па-рознаму дапамагаюць нам, і атрымліваюць за гэта бясплатныя квіткі.

ЕРБ: Дарэчы, які максімальны “плюс” на твае вечарыны?

Бо: “Плюс чатыры” быў! Больш не.


"...мы прынеслі ім замест “Солнцецветов” першы альбом Red Hot Chilly Peppers"


ЕРБ: Усё, Саша змёрз...

Бо: Мне проста холадна стаяць пад дажджом у гэтым мінскім дворыку. Дарэчы, менавіта тут, год назад, праходзіў канцэрт гурта “Наеховичи”. На мансарду вунь гэтага дома прыйшло больш за 100 чалавек! Мы з усім пад’ездам дамаўляліся, каб зрабіць гэты канцэрт...

ЕРБ: Ага, кожнай бабульцы купілі па торціку…

Бо: Так-так! У кожную кватэру прынеслі па торце, папрасілі, сказалі, што ўсё будзе да 22:00... і ўсё прайшло выдатна!

ЕРБ: Добра, калі ты змёрз – то прыгадай якую вясёлую гісторыю з жыцця BoPromo, каб пасмяяцца і пагрэцца.

Бо: Вельмі вясёлая гісторыя, гэта калі мы прывозілі гурт “Солнцецветы” з Масквы. Мы пайшлі ў Мінгарвыканкам па гастрольнае пасведчанне, але каб не шакіраваць цётух-цэнзараў з выканкама, мы прынеслі ім замест “Солнцецветов” першы альбом Red Hot Chilly Peppers. Цёці ўважліва паслухалі і сказалі: “Цікавы якасны рок-н-ролл, хлопцы, трымайце вашае гастрольнае пасведчанне!”.

Вось так у Мінску адбыўся канцэрт “Солнцецветов”, на якім быў далёка не рок-н-ролл, а гучны псіхадэлічны нойз, пад які іскрылі комбікі, падалі мікрафоны... і людзі.



"Калі ўсё дазволена — людзі адчуваюць сябе разняволена і нічога не робяць"


ЕРБ: Калі ўжо ўзгадаў гастрольныя пасведчанні, то скажы яшчэ, што думаеш пра апошні указ прэзідэнта наконт гастрольнай дзейнасці. Ці кране гэта цябе?

Бо: Я думаю, гэта кране не толькі мяне, але і ўсіх незалежных прамоўтэраў. Гэты ўказ як раз і накіраваны на тое, каб ліквідаваць суполку незалежных арганізатараў... (шэптам) таму што мы не плацім падаткаў. У прынцыпе усе гэтыя законы, якія зараз агучылі, былі і раней, проста цяпер усё будзе больш жорстка.

ЕРБ: Будзеш лавачку закрываць?

Бо: Не, я думаю, давядзецца проста афіцыйна рэгістраваць канцэртнае агенцтва. Альбо ўвесь час працаваць пад прыкрыццем ужо існуючых канцэртных агенцтваў, з якімі мы сябруем.

ЕРБ: ...альбо займацца асветай і насіць цёцям у Мінгарвыканкам не толькі Red Hot Chilly Peppers, але і другія класныя гурты – Rolling Stones, Korn… хаця не, гэтых яны спужаюцца, ну тады The Beatles…

Бо: Ага, і сказаць ім, што гэта гурт Earworm з Гродна, якія граюць пост-рок.

Я думаю, мы справімся і ўсё будзе добра, і нічога з гэтым ўказам не скончыцца. Вядома ж, што на любую перашкоду знаходзіцца сваё супраціўленне. І чым больш перашкод — тым мацней ідзе рух наперад. Калі ўсё дазволена — людзі адчуваюць сябе разняволена і нічога не робяць. А тут трэба рухацца — і мы гэта робім!

ЕРБ: Я думаю, што самым правільным будзе пажадаць BoPromo змагацца далей і арганізоўваць цікавыя, фрыкаўскія, не падобныя ні на што канцэрты. А мы будзем на іх хадзіць! А ты, Саша, можаш пажадаць што-небудзь сабе і слухачам Еўрарадыё прама ў эфіры.

Бо: Людзі, слухайце больш добрай, цікавай, незвычайнай музыкі, шукайце яе любымі сродкамі — у Інтэрнэце, у сяброў — і увесь час абнаўляйце сваю фанатэку. А сабе я жадаю «удачи и фарту»!

Фота з ЖЖ papa_bo