Папа Рымскі здаў Сіксцінскую капэлу пад карпаратыў

Папа Рымскі Францыск дазволіў кампаніі Porsche правесці карпаратыўнае мерапрыемства ў сценах Сікстынскай капэлы, паведамляе The Telegraph.

Porsche арганізуе ў капэле канцэрт для падарожнікаў, якія скарысталіся турыстычнымі паслугамі кампаніі. Атрыманыя ад мерапрыемства грошы накіруюць на дабрачыннасць. 18 кастрычніка там перад гасцямі выступіць хор Нацыянальнай акадэміі Санта-Чэчылія, пасля чаго турыстам будзе прапанаваная святочная вячэра.

Сума, якую ў Ватыкана атрымаецца зарабіць на карпаратыве, не ўдакладняецца. Але, зыходзячы з інфармацыі, апублікаванай на сайце Porsche, кошт эксклюзіўнага пяцідзённага тура па Італіі з наведваннем капэлы складае амаль 5000 долараў. Паездку аплацілі каля 40 чалавек.