Папярэджанне Мінінфармацыі за вершы на беларускай мове?

Мінінфармацыі вынесла папярэджанне заснавальніку рэгіянальнай газеты "Планета М" — ТАА "Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс". Дакумент за подпісам першай намесніцы міністра Ліліі Ананіч датаваны 24-м студзеня, паведамляе сайт ГА "БАЖ".

Прэтэнзіі палягаюць у тым, што заснавальнік газеты "Планета М" не паведаміў Мінінфармацыі пра змяненне спецыялізацыі газеты з "масава-палітычнай і для вольнага часу" на "літаратурна-мастацкую", а таксама пра змену мовы газеты — з "рускай і беларускай" на "беларускую". Указаныя парушэнні прапанавана зліквідаваць у 10-дзённы тэрмін.

Нумар, які прыцягнуў увагу Мінінфармацыі, пабачыў свет 10 снежня 2010 года. У ім былі надрукаваныя вершы баранавіцкага паэта і галоўнага рэдактара газет "Ганцавіцкі час" і "Нясвіжскі час" Аляксея Белага.

Папярэджанне выклікала неразуменне ў рэдакцыі: чаму паэзію нельга разглядаць як матэрыялы "для вольнага часу"? Перабольшанай палічылі і прэтэнзію наконт мовы: у газеце надрукавалі вершы беларускага паэта, і яна выйшла на беларускай мове, але ў "шапцы" і выходных дадзеных усё напісана па-руску. У рэдакцыі лічаць, што мовы выдання — гэта тыя мовы, на якіх могуць публікавацца матэрыялы, а не тыя, якія абавязкова выкарыстоўваць у кожным выпуску.