Парэчанкаў абверг чуткі пра скандал на "Беларусьфільме"
Актор кажа, што не быў у Мінску каля двух гадоў.
Расійскі актор Міхаіл Парэчанкаў назваў хлуснёй чуткі, быццам работнікі кінастудыі "Беларусьфільм" адмовіліся супрацоўнічаць з ім. "Гэта няпраўда, гэта хлусня, і з якой мэтай гэта робіцца, зразумець не магу", — перадае сайт amic.ru словы Парэчанкава. Ён дадаў, што ўжо каля двух гадоў не быў у Мінску, а пра скандал даведаўся пасля тэлефанавання беларускіх сяброў.
Як паведамляла Еўрарадыё, напярэдадні ананімны супрацоўнік кінастудыі распавёў журналістам, што супрацоўнікі "Беларусьфільма" адмовіліся працаваць з Парэчанкавым. Таксама расійскага артыста нібыта адмовіліся засяляць у мінскі гатэль. Парэчанкаў мусіў здымацца ў фільме, прысвечаным падзеям 1943 года. Нагодай для скандалу стала тое, што артыст абвешчаны ў міжнародны вышук пасля таго, як у Данецкім аэрапорце страляў у бок украінскіх пазіцый, маючы на галаве каску з надпісам "Прэса".
Па словах Парэчанкава, "чалавека, які дае камэнтары з нагоды майго прыезду, ніхто не ведае, ніколі не бачыў на студыі "Беларусьфільм". І адкуль ён з'явіўся, ніхто не разумее".
Супрацоўнікі "Беларусьфільма" адмовіліся працаваць з Міхаілам Парэчанкавым
Фота — ntv.ru