Парк стане ахвярай 3-й кальцавой дарогі

Неўзабаве з мапы Мінска знікне Севастопальскі парк. Праўда, супрацоўнікі адміністрацыі і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Першамайскага раёна разам з калегамі з Мінгарвыканкаму сцвярджаюць, што гэта не так. Па іх словах, парк проста давядуць да ладу. Але жыхары навакольных вуліц на чале з завадатарам народнага супраціву Віктарам Талмачовым не вераць чыноўнікам. Падставай для недаверу сталі планы Мінгарвыканкаму правесці праз Севастопальскі парк 3-ю кальцавую дарогу.

Віктар Талмачоў: “Севастопальскі парк — гэта лёгкія нашага мікрараёна. А камітэт архітэктуры ўжо сем гадоў забараняе рабіць там новыя пасадкі. Толькі зразаюць паваленыя дрэвы.

Такім чынам, парк рыхтуюць да забойства — правядуць праз яго дарогу. Яе сэнс у тым, што гэта дасць магчымасць праводзіць тут жыллёвую забудову”.


Спрэчкі вакол далейшага лёсу Севастопальскага парку ў Мінску на працягу некалькіх апошніх гадоў узнікалі неаднаразова. Кожны раз нагоды для таго, каб жыхары навакольных вуліц выступалі ў абарону свойго ўлюбёнага месца адпачынку, былі розныя.

Гадоў 10 таму прадстаўнікі адной малавядомай рэлігійнай канфесіі хацелі пабудаваць там царкву і прытулак для асоб без пэўнага месца жыхарства. Гады тры таму там ізноўку распачалі былі нейкую будоўлю, нават некалькі прыватных дамоў зруйнавалі, але далей за гэта справа не пайшла.

Дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Першамайскага раёна Алена Аксютчык сама, паводле яе словаў, вырасла недалёка ад Севастопальскага парку. Успаміны аб ім з дзяцінства ў яе засталіся самыя кепскія — бруд, п’яніцы.

Таму ў тым, каб прывесці яго да ладу, яна не бачыць нічога дрэннага. Тым больш, што афіцыйна гэтае месца паркам ніколі не было.

Алена Аксютчык: “Гэта проста зона зялёных насаджэнняў. Паводле праекту, распрацаванага “Мінскграда”, гэтая тэрыторыя стане паркавай. Замест старых і хворых дрэваў пасадзяць маладыя.

Пабудуюць месцы адпачынку, невялікую лыжаролерную трасу, дарожкі для бегу. Па нашай просьбе спраектаваныя пляцоўкі для гульні ў міні-футбол і баскетбол, месца для выгулу сабак. Вось і ўсё!”


З усімі пытаннямі наконт 3-й кальцавой дарогі яна накіравала да галоўнага архітэктара праекта “рэканструкцыі” парка, супрацоўніцы “Мінскграда” Эльвіры Георгіевай. Тая паспрабала простымі словамі растлумачыць, што ў выніку будуць ўяўляць змены ў Севастопальскім парку.

Эльвіра Георгіева: “Там будзе 70 гектараў зялёных насаджэнняў, плюс 9 гектараў пад будучую дарогу 3-й кальцовай, якая, магчыма, з’явіцца яшчэ толькі праз гадоў 20 альбо 30. Калі з’явіцца ўвогуле… І яшчэ 7 гектараў пад скверык побач з вуліцай Славінскага”.

Не дапамагла канчаткова разабрацца ў тым, які ж усё ж такі лёс чакае Севастопальскі парк, і кіраўніца сектара ландшафту камітэта архітэктуры Мінгарвыканкаму Таццяна Грэчына.

Таццяна Грэчына: “Канечне, не хацелася б, кам новыя вуліцы ішлі па зялёных зонах. Але ўсе яны ідуць менавіта там, бо так менш даводзіцца руйнаваць пабудоў.

Цяперашнім планам у Севастопальскім парку прадугледжана пракладка пешаходнага бульвара. А сама дарога — толькі ў перспектыве”.


Пра тое, што будаўніцтва дарогі — толькі ў перспектыве, казалі ўсе прадстаўнікі дзяржаўных структур. Выказвалі спадзяванні, што пакуль справа дойдзе да будаўніцтва, з’явяцца новыя тэхналогіі, якія дазволяць не кранаць парк увогуле.

Да прыкладу, правесці трасу пад зямлёй. Але Віктар Талмачоў з аднадумцамі не вельмі спадзяюцца на новыя тэхналогіі і пішуць лісты ў абарону парку ў Пракуратуру Беларусі і ў Адміністрацыю прэзідэнта ўжо зараз.


Фота — sch73.minsk.edu.by