Парламенцкая Асамблея АБСЕ плануе прыняць рэзалюцыю па Беларусі

У праекце рэзалюцыі — заклік да беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць і апраўдаць усіх палітвязняў, уключаючы ўмоўна асуджаных і абмежаваных у свабодзе перамяшчэння асобаў. Таксама прапануецца забяспечыць поўнае аднаўленне палітвязняў у грамадзянскіх і палітычных правах.



Акрамя таго, ПА АБСЕ зноў заклікае ўрад дазволіць прадстаўнікам асамблеі наведаць палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, інфармуе БелаПАН.



Рэзалюцыя заклікае беларускі ўрад адмяніць любыя абмежаванні на перамяшчэнне ўмоўна асуджаных палітвязняў, у тым ліку Ірыны Халіп і Уладзіміра Някляева, адзначае БелаПАН.



ПА АБСЕ таксама заклікае афіцыйны Мінск аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія пазбыліся іх за абарону прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскіх актывістаў.



У праекце дакумента ёсць заклік да ўладаў спыніць ціск і пераслед прадстаўнікоў грамадзянскагй супольнасці, у прыватнасці, моладзевых арганізацый і рухаў, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.



Ураду прапанавана паменшыць залежнасць судоў ад органаў выканаўчай улады. Таксама ПА АБСЕ заклікае адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які забараняе дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.



Акрамяч таго, у праекце гаворыцца пра неабходнасць адмяніць усе ўжо вынесеныя ў Беларусі смяротныя прысуды і неадкладна пачаць працу па адмене смяротнай кары.



Фота — lenta-ua.net