Партыя БНФ падтрымае на выбарах "аўтакрата"

5 верасня ў Мінску пройдзе з'езд Партыі БНФ, на якім будзе абранае новае кіраўніцтва. Пра намер змагацца за пасаду старшыні заявілі Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч
Чарговы Сойм Партыі БНФ рэкамендаваў сваім чальцам новую працэдуру выбараў партыйнага кіраўніцтва. Новы старшыня фронтаўцаў будзе мець выключнае права на высоўванне кандыдатур сваіх намеснікаў.

Абодва кандыдаты на пасаду будучага старшыні Партыі БНФ — Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч — маюць супрацьлеглае бачанне дзейнасці “фронтаўцаў”, але з рэкамендацыяй Сойму згодныя і бачаць у ёй гарантыю ад сварак унутры арганізацыі.

Паводле намесніка старшыні ПБНФ Аляксея Янукевіча, цяпер іншыя дэлегаты партыйнага з’езду змогуць толькі прагаласаваць па прапанаваных старшынём кандыдатурах.



Аляксей Янукевіч:
“З’езд можа ці адхіліць намеснікаў, якіх прапанаваў старшыня, ці зацвердзіць. Але нейкіх іншых асобаў, якіх старшыня не бачыць сваімі намеснікамі, прапаноўваецца, каб з’езд не мог яму навязаць. У тым выпадку, калі будуць адхіленыя ўсе прапановы старшыні — ужо не пакетам, а паасобку — тады старшыня павінен будзе прапаноўваць іншых кандыдатураў, па якіх яшчэ не праводзілася галасаванне. І тады будзе праводзіцца яшчэ адно галасаванне”.

Другі намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч таксама лічыць прапанаваную працэдуру цалкам прымальнай.



Віктар Івашкевіч: “Калі ў кіраўніцтве, абраным з’ездам, старшыня і намеснік маюць супрацьлеглыя пазіцыі, яны пачынаюць адзін аднаму шкодзіць, перашкаджаць праводзіць нейкую лінію. У выніку таго, калі ў іх разнавектарнае дзеянне, атрымліваецца — нуль! Дзеля гэтага і прынялі рашэнне, што намеснікі павінны быць не тыя, мець якіх прымусяць старшыню, а такія, якія былі б яму паплечнікамі. Для таго, каб дзеянне пачалося хоць у адзін бок”.

Івашкевіч абвінавачвае свайго будучага саперніка на выбарах у "здрадзе партыйным інтарэсам". Янукевіч парыруе закідамі ў бок апанента пра "партыйныя чысткі ўсіх нязгодных" і "стратэгічную недальнабачнасць". Аднак, у выпадку сваёй паразы, абодва кандыдаты ўсё ж такі дэкларуюць, што не будуць перашкаджаць новаабранаму старшыні, а працягнуць дзейнасць на карысць партыі.

Віктар Івашкевіч: “Я гатовы не перашкаджаць. Я ўсё роўна буду займацца працай з тымі ж рабочымі прадпрыемстваў, але гэта ж не будзе пярэчыць таму, каб спадар Янукевіч дапамагаў, быў у штабе Мілінкевіча. Калі з’езд так вырашыць, значыць, так і будзе. Я ствараць нейкія фракцыі ўнутры Фронту не буду”.

Аляксей Янукевіч: “Калі будзе падтрыманы стары курс, гэта будзе азначаць палітычны тупік для Партыі БНФ і будзе мець вельмі кепскія наступствы. Працаваць дзеля рэалізацыі тупіковага курсу я не бачу вялікага сэнсу. Але я не буду спрабаваць перашкодзіць. Я буду думаць, шукаць іншыя шляхі самарэалізацыі, працы на карысць беларускай справы — магчыма, і па-за межамі партыі. Але я не збіраюся ўдзельнічаць у нейкіх канкурэнцыйных Партыі БНФ праектах і ствараць нейкія палітычныя сілы, якія маглі бы выступаць палітычнымі апанентамі БНФ”.

Ці атрымаецца ўтрымаць адзінства ў сваіх шэрагах з дапамогай “жалезнай рукі” ў аднаго з флагманаў айчыннага дэмакратычнага лагеру? Высновы з палітычнага эксперыменту адкладваюцца, прынамсі да чарговых выбараў.


Фота — bymedia.net