ПАСЕ і Мартынаў дамовіліся пра тое, што маюць разыходжанні

Прадстаўнікі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы заявілі пра намер вярнуць беларускай дэлегацыі статус Спецыяльнага Госця. Гэты захад перарве 12-гадовае адлучэнне Беларусі ад ПАСЕ. Вынікам 4-дзённай прысутнасці ў Мінску дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы стаўся пэўны кампраміс з беларускім МЗС. “Мы са спадаром Мартынавым дамовіліся пра тое, што мы маем разыходжанні ў пазіцыях”, – зазначыў падчас выніковай прэс-канферэнцыі кіраўнік дэлегацыі ПАСЕ ў Беларусі Горан Ліндблад.

Справа ў тым, што беларускае МЗС адмаўляецца дэлегаваць у ПАСЕ хаця б аднаго прадстаўніка апазіцыі. Фармальная падстава на тое ў сп. Мартынава ёсць: ніводны з беларускіх апазіцыянераў не ўваходзіць у Палату прадстаўнікоў, а дэлегаваць у Савет Еўропы можна толькі дэпутатаў нацыянальных парламентаў.

Еўропу такая сітуацыя не задавальняе. Але Андрэа Рыгоні, дакладчык ПАСЕ па Беларусі, усё ж прапануе еўрапейскім парламентарыям перапыніць 12-гадовую ізаляцыю і далучыць беларусаў да працы ў Парламенцкай Асамблеі.

Горан Ліндблад: “Для ПАСЕ вельмі важна знайсці магчымасць для таго, каб уключыць у беларускую дэлегацыю прадстаўнікоў апазіцыі. Бо няма аніякай іншай краіны ў свеце, акрамя, хіба што, Кітая, дзе б у парламенце не прысутнічала апазіцыя. Нават у Іране яна ёсць.

Таму, запрашаючы Беларусь, мы патрабуем, каб у беларускай дэлегацыі былі апазіцыянеры. Як менавіта мы будзем гэтую дэлегацыю называць – вялікай розніцы няма.

Далучыць дэлегацыю Беларусі можна ў якасці Спецыяльнага Госця, бо да спецыяльнага госця і патрабаванні – спецыяльныя. Такім чынам, разам з беларускімі дэпутатамі мы зможам запрасіць да працы ў ПАСЕ і прадстаўнікоў апазіцыі”.


Паводле Горана Ліндблада, парламенцкія выбары, што адбыліся ў Беларусі ўвосень 2008 г., у Еўропе разглядаюць як “дзіўную рэч”. “Мы не лічым іх ні свабоднымі, ні сумленнымі. І гэта яшчэ адна прычына на тое, каб прад’яўляць да беларускай дэлегацыі менавіта такія патрабаванні, якія мы да яе прад’яўляем”.

Каментуючы выказванне Міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава наконт таго, што Беларусь не будзе спяшацца звяртацца да ПАСЕ з заявай аб наданні ёй статуса Спецыяльнага Госця, Горан Ліндблад сказаў: “Кожная краіна вольная вырашаць, ці варта ёй уваходзіць у Савет Еўропы.

Але я лічу, што надыйшоў час вярнуць Беларусь у сям’ю еўрапейскіх народаў”.

На фота: Горан Ліндблад падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску, 18 лютага 2009 г.