Пасля дачы паказанняў Вазняка адпусцілі з пастарунку

Пасля прыкладна дзвюх гадзінаў затрымання ў пастарунку міліцыянты адпусцілі Сяргея Вазняка, давераную асобу Уладзіміра Някляева. Вазняк распавёў Еўрарадыё, што даў тлумачэнні і падпісаў пратакол у пастарунку. Вазняк: “Ужо ўсё добра. Я даў тлумачэнне у РАУС Партызанскага раёну, падпісаў пратакол і мяне адпусцілі. Калі яны ўбачаць там прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, то будзе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. І камусьці будзе выстаўлена абвінавачванне ў адміністрацыйным парушэнні, або яно будзе закрытае і запісанае ў архіў. Тут ёсць два варыянты”.

Вазняк мяркуе, што ў міліцыі не будзе падставаў, каб яго ў нечым можна было абвінаваціць.

Нагадаем, што Сяргея Вазняка затрымалі, калі невядомая асоба прапаноўвала яму нейкую друкаваную прадукцыю для выбарчай кампаніі. Вазняк кажа, што да дзеянняў міліцыянтаў не мае ніякіх прэтэнзіяў.

Але мае прэтэнзіі да чатырох асобаў у цывільным, якія пачалі гвалтоўна затрымліваць яго і трох кіроўцаў, якія мусілі дапамагчы яму перанесці друкаваную прадукцыю. Яны спыніліся толькі пасля таго, як Вазняк паказаў пасведчанне даверанай асобы Някляева.