Пасля пасяджэння “тройкі ЕС” запланаваныя наступныя сустрэчы ў Мінску

А 16 сакавіка Савет Міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза абмяркуе прагрэс Беларусі. Міністр замежных спраў Беларусі ўзяў удзел у пасяджэнні "тройкі" ЕС, у якой удзельнічалі еўракамісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднер, начальнік палітычнага аддзела генеральнага сакратарыята Савета ЕС Хельга Шмід і міністр замежных спраў Чэхіі (як старшыні ў ЕС) Карэл Шварцэнберг. Падчас сустрэчы прадстаўнікі еўрапейскіх структур заклікалі беларускія ўлады працягнуць высілкі па дэмакратызацыі краіны.

Аб падрабязнасцях гэтага пасяджэння ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў каардынатар праграм прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне Давід Стулік.

Спадар Давід, ці ёсць якія-небудзь папярэднія пагадненні?


Давід Стулік: Не, у нас няма ніякіх папярэдніх пагадненняў. Самая асноўная мэта — менавіта ацэнка прагрэсу, якога дасягае Беларусь. Сустрэча міністра замежных спраў Беларусі з “тройкай ЕС” таксама была прысвечана ацэнцы прагрэсу вашай краіны ў накірунку да дэмакратызацыі, выканання правоў чалавека. Гэта робіцца для таго, каб у красавіку, калі будзе ацэньвацца прагрэс за паўгода, на якія былі спынены некаторыя санкцыі, можна было падвесці пэўныя вынікі.

Якія наступныя крокі варта чакаць ад абодвух бакоў пасля гэтых перамоў?

Давід Стулік: Пасля гэтай сустрэчы будзе працягвацца дыялог. Запланаваныя наступныя сустрэчы ў Мінску. Еўрапейскі саюз будзе працягваць ацэнку прагрэсу, пра які я ўжо казаў. Ацэнка будзе сканцэнтравана на пяці ключавых момантах, якія Еўрапейскі саюз прадставіў Беларусі яшчэ ў лістападзе мінулага года. Нагадаю, першае, Беларусь павінна застацца краінай без палітычных вязняў. Другое, павінны быць зробленыя крокі, якія гарантуюць свабоду выказванняў і свабоду СМІ. Трэцяе, супрацоўніцтва з АБСЕ адносна выбарчых законаў. Чацвёртае, павінны быць палепшаныя ўмовы для працы няўрадавых арганізацый. І пятае, павінны быць гарантаваныя свабоды сходаў. Пакуль што ідзе ацэнка. Менавіта для гэтага і адбылася сустрэча з “тройкай ЕС”. Савет Міністраў замежных спраў краін ЕС 16 сакавіка будзе абмяркоўваць менавіта прагрэс у вобласці гэтых 5 ключавых пытанняў.