Пасол ЗША пры АБСЕ: Варта накіраваць беларускім уладам сігнал
Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасць аднаўлення санкцый у дачыненні да Беларусі, калі найбліжэйшымі днямі становішча не зменіцца.
Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік ЗША пры АБСЕ ў Вене Іэн Келі, выступаючы 20 студзеня на пасяджэнні пастаяннага савета арганізацыі, перадае БелаПАН.
Келі нагадаў, што ў 2008 годзе ЗША аслабілі шэраг санкцый у дачыненні да Беларусі з-за вызвалення палітзняволеных. "Гэтак жа зрабіла і Еўропа. Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасць аднаўлення санкцый", — сказаў Келі. Ён падкрэсліў, што варта накіраваць беларускім уладам сігнал пра тое, што "калі не будуць адменены захады, зробленыя пасля 19 снежня, асабліва ў дачыненні да арыштаваных, то адбудуцца наступствы ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва".
"Калі мы, дзяржавы — удзельніцы АБСЕ, выступаем у нашым савеце адзіным голасам, мы ў стане аказаць вырашальны ўплыў, — мяркуе Келі. — І зараз мы маем магчымасць праверыць дзейснасць гэтага патэнцыялу на прыкладзе Беларусі. Мы павінны з гранічнай яснасцю даць зразумець ураду Беларусі і спадару Лукашэнку, што мы не можам мірыцца з існуючым становішчам рэчаў, пакуль адбываюцца арышты членаў апазіцыі, незалежных журналістаў і ўдзельнікаў мірных дэманстрацый пратэсту. Больш таго, акалічнасці іх арышту і ўтрымання пад вартай могуць прымусіць усіх нас разглядаць іх як палітычных зняволеных. Хочацца спадзявацца, што гэта не спатрэбіцца, бо ёсць больш эфектыўны шлях".
Келі назваў памылкай рашэнне беларускіх уладаў закрыць офіс АБСЕ ў Мінску і заклікаў перагледзець гэтае рашэнне.
"Апрача таго нас трывожаць нядаўнія дзеянні беларускіх уладаў, якія не спыняюць нападкі на многіх актывістаў дэмакратычнага руху і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, уключаючы Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр "Вясна", — зазначыў пастаянны прадстаўнік. — Пераслед і запалохванне праваабарончых НДА за тое, што яны выконваюць сваю, па ўсеагульным нашым прызнанні, важную ролю, абсалютна несумяшчальныя з нашымі абавязацельствамі перад АБСЕ".