Пастара царквы "Новае жыццё" спрабавалі затрымаць міліцыянты

Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі прымусова завезці пастара царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку ў Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведамляе Радыё "Свабода". Юрыст царквы Сяргей Луканін прапанаваў міліцыянтам паехаць з імі замест пастара і пагадзіўся наведаць заўтра камітэт, каб падпісаць нейкія паперы. Луканін мяркуе, што чыноўнікі будуць спрабаваць спагнаць з вернікаў 260 мільёнаў рублёў штрафу паводле абвінавачанняў у нанясенні шкоды навакольнаму асяроддзю.

Луканіна выклікалі таксама ў ваенкамат, патлумачыўшы, што ён мусіць атрымаць мабілізацыйнае прадпісанне. Юрыст лічыць, што яго хочуць ізаляваць, каб ён не перашкаджаў уладам забіраць будынак у вернікаў.

Вернікі прайгралі ўсе суды, і цяпер захоп будынка можа адбыцца ў любы момант.