Пастухоў: Фіксацыя нумароў у раёне плошчы парушае права на асабістае жыццё
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў і праваабаронца Алег Гулак дапамаглі разабрацца, што рабіць, калі міліцыя запрашае па тэлефоне на размову.
Людзей, якія ўвечары 19 снежня былі ў раёне плошчы Незалежнасці, па тэлефоне пачалі выклікаць у РАУСы і аддзелы па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Міліцыя хоча атрымаць тлумачэнні, што ў той час яны рабілі. Цікава, што людзей “вылічылі” дзякуючы сігналу мабільнага тэлефона.
У сталічнай міліцыі на гэты конт нічога не каментуюць. Між тым кампанія МТС сцвярджае, што не давала міліцыі нейкіх звестак.
"Ніякіх запытаў з боку праваахоўных органаў у кампанію МТС з гэтай нагоды не паступала, і, адпаведна, кампанія ніякія спісы ніякіх абанентаў нікому не аддавала", — паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе кампаніі.
Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта праваабаронца Алег Гулак кажа, што па такім тэлефонным запрашэнні ніхто ісці не абавязаны.
"Запрасіць маюць права па тэлефоне, але ў грамадзян няма абавязку ісці па такім запрашэнні. Няма адказнасці за тое, што яны такое запрашэнне не прымуць".
Між тым многія ўсё ж прыходзяць. У людзей бяруць тлумачэнні, ці былі яны на плошчы і што там рабілі. Пасля апытаных фатаграфуюць і здымаюць на відэа, а таксама бяруць адбіткі пальцаў.
"У адносінах да сведкаў гэта недапушчальныя дзеянні", — кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. — Могуць толькі фатаграфаваць і “адкатваць пальцы” ў асобаў, якіх падазраюць ці абвінавачваюць у правапарушэннях, у тым ліку адміністрацыйных, калі гэта цягне за сабой арышт".
"Фактычна гэта робіцца дзеля таго, каб параўнаць, ці ёсць такі чалавек у тых матэрыялах, якія маюцца ў распараджэнні следства. Фактычна, следчыя органы маюць на ўвазе, што чалавек можа перайсці ў статус абвінавачанага", — кажа Алег Гулак.
Таму многія праваабаронцы нагадваюць пра 27-ы артыкул Канстытуцыі:
"Ніхто не мусіць прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх і сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы".
"Калі гэта проста тлумачэнне, то чалавек не нясе адказнасці за адмову і ухіленне ад дачы паказанняў. Калі ж яго выклікалі як сведку, то ён можа адмовіцца адказваць на пытанні, якія датычацца яго асабіста. Нават калі чалавек і сказаў, што ў нечым удзельнічаў, што датычыцца асабіста яго, то гэта можа быць выключана з шэрагу доказаў", — тлумачыць Міхаіл Пастухоў.
Нагадаем, да адміністрацыйнай адказнасці можна прыцягнуць на працягу двух месяцаў з моманту правапарушэння.
Але ўвогуле гэтая сітуацыя з рэгістрацыяй нумароў тэлефонаў у раёне плошчы Незалежнасці парушае правы грамадзян на асабістае жыццё, лічыць былы суддзя Канстытуцыйнага суда.
"На якой падставе ўсіх людзей запісваюць? Атрымоўваецца, усе ў ролі падазраваных. Гэта надзвычайны выпадак парушэння права на асабістае жыццё", — кажа Пастухоў.
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў і праваабаронца Алег Гулак даюць парады, што рабіць, калі міліцыя запрашае па тэлефоне на размову.
Артыкул 216. Парадак выкліку на допыт
1. Пацярпелы, сведка, а таксама падазраваныя, якія знаходзяцца на волі, абвінавачваны выклікаюцца на допыт позвай. У ёй павінна быць паказана, хто і ў якой якасці выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час яўкі на допыт, а таксама наступствы няяўкі без уважлівых прычын.
2. Позва ўручаецца выкліканай асобе пад распіску. Пры адсутнасці выкліканай асобы позва ўручаецца пад распіску каму-небудзь з паўналетніх членаў яго сям'і альбо адміністрацыі па месцы яго працы, якія абавязаныя перадаць позву выкліканаму на допыт. Дапытваны можа быць выкліканы з выкарыстаннем і іншых сродкаў сувязі.
3. Асобы, названыя ў частцы першай гэтага артыкула, абавязаныя з'явіцца па выкліку на допыт. У выпадку іх няяўкі без уважлівых прычын яны могуць быць падвергнутыя прываду ў адпаведнасці з артыкулам 130 гэтага Кодэкса.
4. Асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, выклікаюцца на допыт праз адміністрацыю месца зняволення.
5. Выклік на допыт у якасці пацярпелага або сведкi асобы, якая не дасягнула шаснаццаці гадоў, праводзіцца праз яго бацькоў або іншых законных прадстаўнікоў.
Фактычна чалавека таксама могуць выклікаць НА ДОПЫТ і тэлефанаваннем.
2. ......Дапытваны можа быць выкліканы з выкарыстаннем і іншых сродкаў сувязі.
3. Асобы, названыя ў частцы першай гэтага артыкула, абавязаныя з'явіцца па выкліку на допыт. У выпадку іх няяўкі без уважлівых прычын яны могуць быць падвергнутыя прываду ў адпаведнасці з артыкулам 130 гэтага Кодэкса.
У законе не прапісана дакладна тое, што адказнасць за неяўку наступае толькі пасля накіравання пісьмовай позвы. Але чалавека амаль немагчыма прыцягнуць да адказнасці за неяўку па тэлефанаванні проста таму, што няма даказальнай базы. Званок фіксуецца, але чалавек не можа быць упэўнены ў тым, з кім размаўляе, акрамя таго, не будзе доказаў, што з ім адбылася размова. Тэлефон мог узяць іншы чалавек, а не ўладальнік.
Фота: moigadget.ru