Пазьняк: Лукашэнка стаіць па горла ў крыві

Cтаршыня КХП БНФ Зянон Пазьняк назваў начныя падзеі ў Мінску актам дзяржаўнага тэрарызму. Такая ацэнка прагучала ў эфіры Радыё "Свабода".  Па словах Пазьняка, выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя. Па звестках назіральнікаў КХП БНФ, у Мінску толькі на палове ўчасткаў быў прыход 50% выбарцаў. На астатніх – 35-45%.

Пазьняк заявіў, што Лукашэнка зноў замачыў свае рукі ў крыві. Найперш гэта тычыцца нападу спецназу на штаб Уладзіміра Някляева. Лідар КХП БНФ паведаміў, што Някляеў павінен быў стаць кіраўніком на Плошчы і меў канструктыўны план дзеянняў. "Пасля таго, як напалі на Някляева, плошча стала некіруемай. І людзей вывелі з плошчы, павялі зусім у іншае месца, і там была дадзеная воля правакатарам, якія пачалі біць шыбы без патрэбы і г.д. Гэта была пастка", - адзначыў Пазьняк.

Палітык заявіў, што па яго звестках, загад збіць Някляева даваў асабіста Лукашэнка.