ПЭН-цэнтр узнагародзіць Вольгу Бабкову і Сяргея Шапрана
Шанаванне лаўрэатаў адбудзецца 3 сакавіка – у Сусветны дзень пісьменніка – на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра ў Мінску. Пачатак цырымоніі а 17-й.
17 лютага на агульным сходзе РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" было вырашана аднавіць уручэнне прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Францішка Багушэвіча.
Сёлетнім лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча стаў Сяргей Шапран, які склаў фундаментальны двухтомны жыццяпіс "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах" (Мінск – Гародня, 2009: Бібліятэка Бацькаўшчыны, Гарадзенская бібліятэка. Людзі Беларусі).
Прэміяй імя Францішка Багушэвіча была адзначаная пісьменніца і гісторык Вольга Бабкова – за кнігу эсэ-рэканструкцый "...І цуды, і страхі" (Мінск: Логвінаў, 2010), якая стала плёнам яе шматгадовай працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У кнізе даследуецца гісторыя штодзённага жыцця жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI – XVII ст.
Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1996 годзе, праз два гады пасля смерці пісьменніка і грамадскага дзеяча на знак пашаны ягонага імя. Прэмія ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу году.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча – штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра. Заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца ў сакавіку (да Дня Волі) за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, якія спрыяюць абуджэнню пачуццяў гістарычнай самасвядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў, паведамляе Радыё Свабода.
Фота: gdefon.ru