Перад пахаладаннем мінчукам адключаць ацяпленне ў кватэрах

У Мінску з 15 красавіка адключаюць ацяпленне ўсім спажыўцам, у тым ліку ў кватэрах.  Як паведамляе БЕЛТА, рашэнне аб адключэнні ацяплення Мінгарвыканкам прыняў у сувязі са спрыяльным прагнозам надвор'я. Выключэнне - дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школьныя, лячэбна-прафілактычныя, медычныя ўстановы, а таксама ўстановы сацыяльнага забеспячэння, музеі і дзяржаўныя архівы.

Між тым, сіноптыкі прадказваюць, што ў суботу, 17 красавіка, у Беларусь прыдуць паветраныя масы са Скандынавіі і адчувальна пахаладае. Уначы па поўначы краіны магчымы нават мокры снег. На пачатку наступнага тыдня таксама будзе халоднае і няўстойлівае надвор'е. Удзень тэмпература паветра будзе 4-11 градусаў цеплыні. Адчувальна пацяплее толькі ў другой палове наступнага тыдня.

Нагадаем, ацяпленне адключанае ў адміністрацыйных і вытворчых будынках сталіцы з 29 сакавіка.