Перад сустрэчай з "Амурам" мінскае "Дынама" страціла найлепшага снайпера

Сталічны хакейны клуб "Дынама" правядзе 2 снежня чарговы паядынак у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. На "Мінск-Арэне" "зубры" прымуць хабараўскі "Амур". Сапернік займае 10-е месца ва Ўсходняй канферэнцыі КХЛ.
Напярэдадні гэтай сустрэчы мінчукі зазналі адчувальную страту: тры-чатыры тыдні не выйдзе на лёд форвард Сяргей Дзямагін. Як паведамляюць "Мінск-Навіны", ён пашкодзіў каленны сустаў у паядынку з "Сібір'ю". З 13 шайбамі Дзямагін з'яўляецца найлепшым снайперам каманды ў гэтым сезоне.

У той жа час аднавіўся пасля траўмы абаронца Томаш Мойжыш. Магчыма, ён прыме ўдзел у адным з бліжэйшых хатніх матчаў. Таксама чакаюцца дэбюты ў "Дынама" шведскага абаронцы Даніэля Фернхольма і беларускага форварда Міхаіла Стэфановіча.