Перапісчыкам нарэшце выплацілі заробкі

У дамовах, якія падпісвалі ўсе перапісчыкі, прапісаныя былі розныя даты выплаты грошай. Як паведамляла Еўрарадыё, з усімі рэгіёнамі дзяржава расплацілася, апроч Мінска. Аднак апошні тэрмін для выплат скончыўся яшчэ 13 лістапада. Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў Святланы Навасёлавай, кіраўніцы Ўпраўлення па перапісе насельніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта, з чым звязаная такая пратэрміноўка. Аднак пачулі дастаткова рэзкі адказ: Навасёлава: “Вы не пракурор, каб я з Вамі працавала!”

Еўрарадыё папрасіла Машу Турловіч, студэнтку журфака БДУ, якая працавала ў свой час перапісчыкам, патэлефанаваць да чыноўнікаў і запытацца наконт сваіх грошай за працу на дзяржаву. Святлана Навасёлава размаўляла з перапісчыцай больш ветліва, чым з журналістамі.

Грошы, па словах чыноўніцы, былі пералічаныя на Галоўпаштамт агулам для ўсіх студэнтаў БДУ, якія працавалі падчас Перапісу насельніцтва. А зрабілі гэта нібыта яшчэ 12 лістапада з-за таго, што не ўсе перапісчыкі правільна запоўнілі анкеты з іх адрасам жыхарства:

Турловіч: “Калі я запыталася, чаму адбылося так, што гэта нікому з маіх знаёмых перапісчыкаў невядома, то пачула адказ, нібыта грошы былі пералічаныя яшчэ 12 лістапада. А яна асабіста размаўляла сёння з прарэктарам БДУ, які паведаміў ёй, што ўсе намеснікі дэкана павінныя былі распавесці пра гэта сваім студэнтам.

Аднак я вам скажу, што нас, студэнтаў журналісцкага факультэта БДУ вырашылі дакладна пакінуць без інфармацыі. Магчыма, кіраўніцтва факультэта палічыла, што мы павінныя самі недзе пра гэта даведацца”.


На Галоўпаштамце Еўрарадыё пацвердзілі, што грошы ад Статыстычнага камітэта былі паспяхова пералічаныя:

Галоўпаштамт:
“Калі ласка, захапіце пашпарт і прыходзьце за грашыма”.

Чытайце таксама:

Перапісчыкам затрымалі 2 мільёны долараў заробку!