Пераздача экзамена ў БДУІР каштуе 10 тысяч рублёў

Аднак патрабаваць ад студэнтаў грошы за прагул кожнай лекцыі пакуль не будуць Словы міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, які нібыта прапанаваў ўвесці плату за прагул кожнага занятку студэнтам, у Міністэрстве адукацыі абвяргаюць. Як распавяла Еўрарадыё кансультант Упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Марыя Карпенка, у міністэрстве пакуль што нічога не рыхтуецца:

"Я пра гэта не ведаю. На планёрках мы пра барацьбу з прагульшчыкамі не размаўлялі".

Прарэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Генадзь Мацецкі гаворыць, што ніякіх указанняў з міністэрства ім не паступала, і лічыць, што СМІ наўпрост не карэктна інтэрпрэтавалі словы міністра адукацыі:

"Я думаю, што міністра няправільна зразумелі. Ён, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе, што аплачвацца павінны дадатковыя заняткі, калі прафесар ці дацэнт спецыяльна ідзе працаваць дзеля студэнта. Лекцыі не трэба будзе адпрацоўваць. Не пайшоў на лекцыю - рыхтуйся сам. Нашыя студэнты плацяць за дадатковыя заняткі, а за пропускі заняткаў плаціць не трэба".

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце грошы з прагульшчыкаў бяруць з 1991 года. Зараз за прагул студэнт-медык можа заплаціць да 13 тысяч рублёў, кажа рэктар медуніверсітэта Павел Беспальчук:

"Калі студэнт прапусціў заняткі без паважлівай прычыны, ён павінен напісаць заяву на платную адпрацоўку. Калі адпрацоўка індывідуальная, то за занятак з прафесарам трэба заплаціць 13 тысяч, з дацэнтам ці кандыдатам навук 12 тысяч, з асістэнтам - 11".

Але заняткі тэт-а-тэт праводзяцца вельмі рэдка: часцей за ўсё тых, хто прапусціў семінары, збіраюць у групы. Кошт тады змяншаецца да 1,5 тысяч.

Студэнтаў-медыкаў пра карныя меры для гультаёў папярэджваюць адразу ж пасля паступлення - 1 верасня. Пасля ад старэйшых навучэнцаў першакурснікі даведваюцца аб тым, колькі трэба абыйсці кабінетаў, каб нарэшце падпісаць заяву - гэта і ёсць сапраўднае пакаранне, лічыць рэктар.

Як даведалася Еўрарадыё, гарадская пракуратура прызнала такую практыку законнай. Аднак, паводле слоў рэктара медуніверсітэта, за ВНУ заступілася рэспубліканская пракуратура:

"Мы ўжо праходзілі этап, калі гарадская пракуратура прызнавала гэта неправамерным, але рэспубліканская - не пацвердзіла яе рашэнне. Таму што ўсё робіцца згодна з законам, бо студэнт сам піша заяву".

Гэта не спосаб зарабіць шмат грошай, гаворыць Павел Беспальчук. Бо за мінулы год студэнты заплацілі універсітэту 28 мільёнаў рублёў, з іх толькі 6 мільёнаў — адпрацоўкі заняткаў, якія былі прапушчаныя без паважлівых прычын. Астатнія грошы паступілі ад замежных студэнтаў ці тых, хто перавёўся у Медыцынскі ўніверсітэт з іншых ВНУ — ім трэба было наганяць праграму. Да прыкладу, каля 6 мільёнаў у год каштуе адукацыя аднаго студэнта.

Намеснік дэкана Факультэта радыёэлектронікі БДУІР Людміла Ўладзімірава распавяла Еўрарадыё, што студэнтам трэба плаціць толькі за адпрацоўку лабараторных работ:

"Плаціць прыйдзецца толькі за лабараторныя работы. Да таго ж, платнай з'яўляецца пераздача экзамену. Кошт лабараторнай — ад 20 да 23 тысяч. Экзамен каштуе ад 10 да 11,5 тысяч".

Падобная сітуацыя і ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.

БДТУ: “Згодна з нарматыўнымі актамі Міністэрства адукацыі, мы збіраем грошы за адпрацоўку лабараторных работ”.

Супрацоўнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення сталічнага педуніверсітэта Віктар Зайцаў кажа, што іх студэнты павінны адпрацаваць за грошы так званыя разлікова-графічныя работы:

"Таму што там ім рыхтуюць абсталяванне, і калі яны не з'яўляюцца — то гэта трэба аплаціць".

Фота — Менеджер.ru