Першы тэлеканал і "Лад" будуць трансляваць Алімпіяду-2010

Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі будуць весці трансляцыю XXI зімовых Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Ванкуверы (Канада). Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на прэс-службу Белтэлерадыёкампаніі. У эфіры Першага тэлеканала і тэлеканала "Лад" запланавана 162 гадзіны трансляцый з Канады. Будуць паказвацца цырымоніі адкрыцця і закрыцця, самыя відовішчныя і цікавыя беларускім спартовым заўзятарам спаборніцтвы, а таксама штодзённыя агляды ў "Дзённіках Алімпіяды".

На працягу мноства гадоў Белтэлерадыёкампанія з'яўляецца эксклюзіўным вяшчальнікам Алімпіяд у нашай краіне. Сёлета ў тэлеэфіры аматараў спорту чакаюць прамыя тэлетрансляцыі хакейных матчаў, гонак біятланістаў, спаборніцтваў скакуноў з трампліна і фрыстайлістаў. Таксама спаборніцтвы будуць паказвацца ў запісе.

Трохтыднёвы тэлемарафон стартуе напярэдадні адкрыцці Алімпіяды, 12 лютага. У гэты дзень Першы тэлеканал у вячэрнім эфіры пакажа першы "Дзённік Алімпіяды".