Першым ад паводкі на Брэстчыне пацярпеў Брэсцкі раён

За мінулыя суткі ў выніку рэзкага ўздыму ўзроўню вады ў рацэ Буг апынуліся падтопленымі 2 жылыя дамы і 15 падворкаў у Брэсцкім раёне. Як паведамілі БЕЛТА брэсцкія выратавальнікі, першымі на Брэстчыне з праблемамі, выкліканымі вясновай паводкай, сутыкнуліся жыхары вёскі Неплі. На шчасце, вялікіх праблемаў жыхарам пасёлку вада не прынесла і адсяляць нікога не давялося. У двух пацярпелых хатах затапіла скляпы, іх жыхарам дапамагаюць у адпампоўцы вады. На дварах узровень затаплення склаў ад 20 да 40 см.

У цяперашні час у раёне вёскі Неплі прымаюцца меры па адводзе вады. З паводкай тут не справіліся 4 трубы, прызначаныя адводзіць ваду праз дарожны насып з поймы ракі Буг у пойму ракі Лясная. У гэтым раёне працуе 7 адзінак тэхнікі і 19 супрацоўнікаў МНС, аварыйная брыгада электрасетак.