Першым прэзідэнтам Еўрасаюза можа стаць ірландка

Экс-кіраўніца Ірландыі Мэры Робінсан, якая стала ў гісторыі сваёй краіны першай жанчынай-прэзідэнтам, можа заняць пасаду першага прэзідэнта Еўрасаюза. Пра гэта паведамляе РИА "Новости" са спасылкай на брусельскую радыёстанцыю "Кантакт". "Імя Мэры Робінсан згадвалася. Я вельмі гэтаму ўзрадаваная", — сказала намесніца старшыні Еўракамісіі Маргат Вальстрэм.

Нагадаем, увядзенне пасады прэзідэнта ЕС, які будзе абірацца тэрмінам на 2,5 гады, прадугледжана Лісабонскай дамовай, новым базавым дакументам, у якім вызначаныя прынцыпы функцыянавання інстытутаў улады пашыранага ЕС. Чакаецца, што фармальнае абмеркаванне кандыдатур на пасаду прэзідэнта лідэры 27 краін-сябраў Еўрасаюза пачнуць у другой дэкадзе кастрычніка ў Бруселі падчас планавага саміта ЕС.

Іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі называюцца экс-прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр, а таксама дзйеныя кіраўнікі ўрадаў Люксембурга і Нідэрландаў Жан-Клод Юнкер і Ян Петэр Балкенэндэ.