Першымі квіткі на “Славянскі базар” купляюць пенсіянеры

Сёння пачынаецца продаж білетаў на канцэрты міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Касы адчыніліся ў дзесяць гадзін, але невялічкія чэргі ля іх з’явіліся ўжо а восьмай. Першымі білеты імкнуліся набыць пенсіянеры. Попытам карыстаюцца традыцыйна гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю, а таксама юбілейны канцэрт Надзеі Кадышавай, канцэрт “Радыё Шансон на “Славянскім базары” ды шоў Барыса Маісеева.

Самыя дарагія білеты у Летні Амфітэатр каштуюць 200 тысяч беларускіх рублёў. За гэтую сумму можна, седзячы на лепшых месцах, паслухаць Кабзона, Гвердцытэлі, Баскава, “Песняроў” ды іншых выканаўцаў падчас канцэрта ўрачыстага адкрыцця фестывалю. Танна каштуюць удзельнікі конкурсу маладых выканаўцаў: на ўласныя вочы паглядзець на іх можна ўсяго за 5 тысяч рублёў.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск