Пінчукі атруціліся ад “канцэрагенных рамонтаў”

Летась у Пінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі звярнуліся некалькі пінчукоў, у кватэрах якіх быў зроблены рамонт. Людзі скардзіліся на кепскае самаадчуванне: балела галава, было цяжка дыхаць. Збольшага гэта былі ўладальнікі прыватных дамоў, якія уцяплялі сцены пенай. Ёсць такі спосаб, калі хату знутры аббіваюць гіпсакардонам ці фанерай, а пустоты заліваюцца будаўнічай пенай. У гэтых выпадках неабазнаныя рамонтнікі ўжылі ўнутры дома пену для вонкавых працаў. Спецыялісты Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі распавялі карэспандэнту “Еўрарадыё”: “Замеры паветра ў такіх дамах паказалі, што ўтрыманне фармальдэгіду вышэйшае за максімальна магчымую канцэнтрацыю ў 10 разоў. Давялося разбіраць сцены і рабіць рамонт нанава”.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі 4,3 мільёны чалавек і так кантактуюць з высокімі (у 2-3 разы вышэй за максімальна дапушчальную норму) канцэнтрацыямі фармальдэгіду, феноламі, дыяксідамі і цяжкімі металамі – з-за канцэнтрацыі перапрацоўчае прамысловасці ў краіне. Апрача таго, фармальдэгід шырока выкарыстоўваецца ў сучасных будматэрыялах – танных, прыгожых, лёгкамыйных. Адна праблема – ён канцэрагенны і алергічны, развівае астматычныя станы.

Карэспандэнт “Еўрарадыё” пагаварыў з Аляксеем, будаўніком, які робіць рамонты нелегальна.

Аляксей: Мы толькі працу робім, а матэрыялы сам заказчык купляе. У крамах будматэрыялаў усе тавары правераныя, сертыфікаваныя. Вам прадавец заўжды параіць, што купляць – якую фарбу, ламінат, пену. А эканоміць і браць таннейшыя, неправераныя матэрыялы ў выпадковых людзей я не раю. Даражэй будзе для здароўя.

Калі рамонт робіцца афіцыйна і легальна, у дамове ўказваецца, чые матэрыялы выкарыстоўваюцца. Агаворваюцца ўмовы, потым можна штосьці абскардзіць або дамагчыся пераробкі працаў. А вось калі дапамагае ў рамонце знаёмы, сусед ці выпадковая брыгада з абвесткі, то даказаць што-небудзь немагчыма. Таму адмыслоўцы раяць звяртацца толькі да спецыялістаў-будаўнікоў.

У рэкламнай газеце можна ўбачыць дзясяткі аб’яваў, у якіх брыгады працаўнікоў прапануюць адрамантаваць кватэру ці дом. Рамонтам займаюцца як індывідуальныя прадпрымальнікі, так і асобы, якія жадаюць падпрацаваць нелегальна. За вашыя грошы яны зробяць любыя аздабленчыя працы, зламаюць ці ўсталююць перагародкі, пасцеляць падлогу. З’явіліся новыя тэхналогіі, якія патрабуюць спецыяльных ведаў. Калі няправільна выкарыстоўваць будматэрыялы, то рамонт можа нанесці шкоду здароўю.

Здымак з Remont2.org.ua