Пінчукі дамагліся пераносу гульнёвых залаў з цэнтра горада

Дэпутаты пінскага гарсавету прынялі рашэнне аб паэтапным вывадзе на заходні ўскраек горада гульнявога бізнэсу, які за апошнія два гады акупаваў цэнтр сталіцы Палесся.  За гэты час у горадзе адкрылася  з дзясятак міні-казіно і букмекерскіх кантораў. Прычым большасць з іх знайшлі месца ў гістарычным цэнтры горада, на пешаходнай вуліцы з недарэчнай назвай “імя Леніна”. У пінчукоў нават показка пайшла, што Пінск – гэта палескі  Лас-Вегас.



Прычым у горадзе яўна нестае рэстарацыяў, кавярняў, бараў, дзе можна проста адпачыць, добра паесці. Напрыклад, у гістарычным цэнтры Пінска іх толькі пяць. У горадзе з насельніцтвам у 130 тысяч чалавек - дзве дыскатэкі і адзін дыска-клуб. З-за адсутнасці іншых магчымасцяў забавіцца маладыя пінчукі і сталі асноўнымі наведнікамі гульнёвых залаў і букмекерскіх кантораў. Яны прагульваюць бацькоўскія грошы, запіваючы гэта півам.

Чаму мясцовыя ўлады дазволілі такі росквіт азартнага бізнесу - невядома. Прадстаўнікі выканкама спасылаюцца на тое, што ліцэнзію на яго выдае Міністэрства спорту і турызму, а памяшканні выкупленыя ці арэндаваныя па законе, праз аўкцыёны.

Летась у Расіі быў прыняты закон, які дазваляе адкрываць казіно толькі ў трох раёнах федэрацыі. Астатнія залы павінны зачыніцца да 1-га чэрвеня 2009 года. Таму расійскія бізнесмены шукаюць нішы ў Беларусі, па якой любяць вандраваць расійскія турысты. Калі стала зразумела, што з-за росквіту гульнёвага бізнэсу ў Пінску пагоршала крымінагенная абстаноўка, час працы такіх установаў абмежавалі да 24 гадзін.




На здымку: гэты джып часта стаіць каля пінскіх казіно.

Асабліва пінчукоў абурала тое, што гульнёвыя залы знаходзяцца паміж галоўнымі храмамі горада - каталіцкім касцёлам Узнясеньня Дзевы Марыі, праваслаўным кафедральным саборам Уваскрашэння Гасподняга, гарадской сінагогай.

І вось, пасля шматлікіх скаргаў гараджан Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў вырашыў надалей даваць дазвол на адкрыццё аб’ектаў гульнявога бізнэсу толькі на заходнім ускрайку Пінска з паэтычнай назвай “Саломінка”. Рашэнне пачало дзейнічаць. Выканкам не дазволіў адкрыць новае казіно ў цэнтры горада, а адправіў заезджых прадпрымальнікаў у “Саломінку”.


Тым часам гульнёвы бізнэс падаўся ў глыбінку. У Вышэвiчах Пiнскага раёну супрацоўнiкi мiлiцыi i дзяржкантролю ў хаце вяскоўца знайшлі 26 гульнявых аўтаматаў без дакументаў. Тавар на суму 50 мiльёнаў рублёў канфiскаваны.



Здымкі Глеба Паўлоўскага