Піраты скралі ў “Ляпісаў” “Капітал”

Але Міхалок нанес удар у адказ, і цяпер ліцэнзійны дыск з новым альбомам “Ляпісаў” каштуе танней за пірацкі. 23 красавіка “Ляпис Трубецкой” прэзэнтаваў свой новы альбом “Капітал”. Раней гурт аб’яўляў датай выхаду альбома 1 траўня. Магчыма, такая тэрміновасць звязана з тым, што з 20 красавіка ў Інтэрнэце можна было скачаць бясплатна ўсе новыя песні.
Мы вырашылі разабрацца, ці стаў “Ляпіс” ахвярай піратаў. Прадстаўнік прадзюсарскага цэнтру “Дзеці Сонца” Яўген Калмыкоў пацвердзіў Еўрарадыё факт уцечкі запісаў. Па яго меркаванні, гэта адбылося непасрэдна з дыстрыб’ютарскіх фірмаў, якія займаліся продажам альбому “Капітал”:

“Запісана было 12 песень, а з’явілася ў Інтэрнэце 11. Адну песню мы не выдавалі. Атрымліваецца, уцечка адбылася ў адной з кантор, якія прадавалі дыскі "Ляпісаў".
Але я двваяка стаўлюся да гэтага. Плюс у тым, што піраты – гэта тыя ж дыстрыб’ютары, якія прадаюць дыскі. Мы ніколі грошы на альбомах не зараблялі; возьмем канцэртнымі турамі. Для нас дыск – гэта перш за ўсё папулярызацыя творчасці.”


Зміцер Бескаравайны, PR-дырэктар гуртоў “Ляпис Трубецкой” і “J-mors” лічыць, што піраты з дыскам “Ляпіса” пралічіліся.

“З-за таго, што ў нас вельмі танныя носьбіты, артысты атрымліваюць менш адлічэнняў. На сённяшні дзень пры любым раскладзе артысты вельмі мала зарабляюць з дыскаў. Нават калі ўявіць сабе, што піраціць будуць мала. Танны кошт беларускіх дыскаў звязаны не толькі з пірацтвам, але і з пакупніцкай здольнасцю насельніцтва.”

На адным з рынкаў Мінску ў спальным раёне ўжо некалькі дзён ідзе продаж сінгла песні “Капітал”, пазначанага кампаніяй Vigma. Пра гэта нам расказаў прадавец Яўген:

“Зараз на рынку прадаецца сінгл. Кошт – 12000 рублёў. Альбом сам піраты яшчэ не рабілі і наўрад ці ўвогуле будуць гэтым займацца.”

Еўрарадыё дазванілася да намесніка дырэктара гуказапісвальнай кампаніі Vigma Алега Барышнева. Ён расказаў, што аніякіх сінглаў кампанія не выпускала:

“Сінглы мы дакладна не выпускалі. Дыск у нашай фірмовай краме каштуе прыкладна 7500 рублёў”

Атрымліваецца, што пірацкі дыск з адной песняй каштуе амаль у два разы больш за паўнавартасны альбом. Менавіта такім чынам гурт проста “развёў” піратаў. Наступным крокам у барацьбе з піратамі, па словах Змітра Бескаравайнага, будзе выкладка на афіцыйным сайце гурта МП-3-версіі альбому коштам у 1 долар.


Фота — www.lyapis.com