Піва і цыгарэты, магчыма, патаннеюць
Беларусь адчыніла дзверы расійскім таварам. Нарэшце падпісана гандлёва-эканамічнае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй. Акрамя цыгарэтнага і піўнога рынку дакумент закране гандаль морапрадуктамі, цукрам, сельгастэхнікай. Магчымыя і больш значныя змены. З 1 сакавіка Беларусь здымае абмежаванні на ўвоз расійскага піва. У 1994 годзе ў нас было ўсяго 14% нацыянальнага рынку піва. Беларусы куплялі імпартны тавар. Пасля якасць нашага піва палепшылася і сітуацыя стабілізавалася. Працягвае Леанід Заіка:
“Па цэнах зараз расіяне могуць прадаваць больш таннае піва, чым мы. І таму мы можам назіраць рост нішаў расійскага піва. Але я думаю, што бальшыня сегментаў рынку будзе нашай уласнай. Расія не зможа тут нанесці нейкі вельмі небяспечны ўдар. У прынцыпе, калі рынак будзе канкурэнтны, то цэны пойдуць уніз”.
Іншая справа, што цяпер не трэба падаваць дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць расійскага піва. Як гэта можа адбіцца на сітуацыі, тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук:
“Ніколі яшчэ такія дамовы не былі спосабам, які б вымусіў прамысловасць працаваць па нейкіх прынцыпах. Безумоўна, будзе “левы” тавар, падробкі, фальсіфікаты. Таму што праз карныя меры, праз кантроль бюракратаў такія пытанні не вырашаюцца”.
Квоты на расійскія цыгарэты таксама будуць знятыя. Распавядае Леанід Заіка:
“Калі паглядзець на беларускі тытунёвы рынак, то ў нас няма цыгарэт класа прэміум, такіх як “British American Tobacco”, “Marlboro”, “Kent” і астатнія. Расіяне гэтыя цыгарэты ўжо вырабляюць. І яны зоймуць тую нішу, якая павінна быць у гэтым класе цыгарэтаў. Тыя цыгарэты, якія выпускаліся ў Гродне, напрыклад, зоймуць свой сегмент”.
Тытунь, як і алкаголь, — тавар акцызны. То бок, значная частка кошту ідзе ў казну дзяржавы. Пачак цыгарэт можа каштаваць 200 рублёў, а прадавацца за 2 тысячы. Таму дзяржава тут ні ў якім разе не прайграе, і зніжэнне цэнаў не прадбачыцца.
А што будзе з рыбай? Сёння кошт аднаго кілаграма рыбы ў сярэднім — адзін долар. Прадаецца ж яна прыкладна за пяць. Ці знізіцца цана на морапрадукты з адменай квотаў для расіян? Адказвае Леанід Заіка:
“Я, на жаль, не ўпэўнены, што будзе зніжэнне цэнаў. Расіянам больш выгадна прадаваць рыбу па беларускіх цэнах. Яны будуць атрымліваць звышпрыбытак, ці проста добры прыбытак”.
Беларусь таксама пагадзілася на абмежаванне паставак беларускага цукру ў Расію. Па ацэнках спецыялістаў, гэта не тая галіна, якая робіць пагоду эканоміцы нашай краіны. Акрамя таго цяпер мы будзем выкарыстоўваць сельскагаспадарчую тэхніку не толькі беларускай вытворчасці.
Адмяніла Беларусь і збор за праезд па нашай тэрыторыі транзітных расійскіх машынаў. Гаворыць Леанід Заіка:
“Я б кожнаму на мяжы даваў па марожаным і па кветачцы. Калі ласка, прыязджайце да нас, купляйце наш бензін, купляйце нашыя тавары, нашыя сувеніры. Прыязджайце як мага часцей. А мы рабілі глупыя рэчы”.
Пакуль яшчэ не падпісанае пагадненне наконт субсідый, кожны з бакоў павінен паведамляць краіне-суседцы аб дзяржаўных сродках, укладзеных у пэўнае прадпрыемства. А літаральна на днях Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб падтрымцы прамысловых прадпрыемстваў.
Левай рукой падпісваем адны ўказы, правай — іншыя. А Расіі, між тым, можа не спадабацца гэта. І пабачыўшы, што нашыя вельмі добра датаваныя прадпрыемствы насамрэч не канкурэнтныя расійскім, Масква, верагодна, выставіць нам прэтэнзіі.
Хаця, да прыкладу, Яраслаў Раманчук увогуле не ўпэўнены, што Беларусь будзе выконваць умовы, прапісаныя ў пагадненні:
“Беларускаму ўраду трэба было выйграць час, каб не было абмежаванняў беларускага тавару на расійскім рынку. Яны прыдумаюць, што адказаць. Чыноўнікі заўсёды вельмі добра прыдумваюць прычыны”.
Толькі ці задаволяць гэтыя прычыны Расію?
Фота newsru.com