ПКБ можа памяняць "сапсаваную" назву на "левую"

Партыя камуністаў Беларуская можа ў будучым годзе памяняць назву. Мэта такога кроку - пастарацца пазбавіцца ад "сапсаванай" назвы, якую вельмі негатыўна ўспрымае асабліва маладое пакаленне беларусаў.  Паводле словаў аднаго з лідэраў ПКБ Валерыя Ўхналёва, ініцыятыва змены партыйнай назвы пайшла не ад кіраўніцтва, а ад шэраговых сяброў. Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў яны актыўна кантактавалі з выбаршчыкамі і, відаць, адчулі негатыўнае стаўленне да камунізму часткі грамадзян.

Валерый Ухналёў:
"Людзі прапануюць розныя варыянты. Напрыклад, сыйсці ад слова "камуністычная", зрабіць, прыкладам, "сацыялістычную рабочую партыю". Альбо зрабіць нешта нейтральнае - "левая партыя" ці нешта падобнае".

Ухналёў адзначае, што размова ідзе не толькі пра змену назвы, але і стратэгіі, тактыкі. Аднак ідэалогія, праграма і левая сацыяльная скіраванасць партыі змяняцца не будзе. Усё вырашыцца на з'ездзе ПКБ у сакавіку 2009-га.