Плошчу Бангалор "разрэжуць" на чатыры часткі

Плошчу Бангалор "разрэжуць" па ўсіх кірунках, а на атрыманым скрыжаванні арганізуюць святлафорнае рэгуляванне.

Кіроўцам, маршруты якіх пралягаюць праз плошчу, шукаць аб'язныя шляхі пакуль не варта: рух у гэтым буйным транспартным вузле на час яго рэканструкцыі перакрываць не плануюць, паведамляе газета Рэспубліка.

"Аднак праезная частка часова звузіцца - мабыць, застанецца па адной паласе руху ў кожны бок. Ужо ёсць узгадненні з ДАІ", - растлумачыла галоўны інжынер праекта Лілія Барунова.

Раней на плошчы Бангалор збіраліся будаваць двухузроўневую развязку і падземныя пешаходныя пераходы, аднак у сувязі з тым, што ў будучыні тут з'явіцца станцыя метро, пытанне вырашылі адкласці.