Полацкае Евангелле вяртаецца на радзіму

Духоўная святыня ХІІ стагоддзя — Полацкае Евангелле — працягвае сваё вяртанне ў Беларусь, паведамляе сайт Народныя навіны Віцебска. Два аркушы гэтага рарытэта, вядомыя як “Аркушы Ундольскага”, у электронным выглядзе перададзеныя Выдавецтву Беларускага Экзархата ў часе сёлетняй Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. Дар Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ўяўляе сабой каляровыя копіі рэліквіі з запісамі на палях той часткі Полацкага Евангелля, якая захоўваецца ў Маскве. У верасні спецыялісты Выдавецтва Беларускага Экзархата плануюць паехаць у Санкт-Пецярбург, дзе захоўваеца большая частка Евангелля, каб перавесці ў лічбавы фармат адрэстаўраваную на той момант кнігу, паведамляе sobor.by.

Есць верагоднасць, што Полацкае Евангелле перапісвала сама прападобная Еўфрасіння Полацкая. Гэты ўнікальны скарб ХІІ стагоддзя быў скрадзены пасля захопу Полацка Іванам Жахлівым у ходзе Лівонскай вайны ў 1563 годзе. Старэйшым за гэтую кнігу лічыцца толькі Тураўскае Евангелле, датаванае XI ст.