The Police выдаюць чарговы The Best

Уз’яднаны гурт The Police працягвае наступленне на публіку.
Перад пачаткам маштабнага сусветнага тура, якое запланавана на лета гэтага году, музыкі выдаюць новую складанку сваіх лепшых хітоў. Кружэлка, якая атрымала мудрагелістую назву «The Police», з’явіцца ўжо 5 чэрвеня.

Але па словах музыкаў, яны не паспелі запісаць новых песень, таму на дыску іх не будзе. Гэта будзе падвойны CD, дзе размесціцца 28 добра вядомых прыхільнікам творчасці «палісмэнаў» кампазіцый, у тым ліку «Roxanne», «Message In A Bottle», «Every Breath You Take» і іншыя.

Што датычыцца «свежанінкі», то ў пачатку гэтага году музыкі не выключалі з’яўлення новага студыйніка ў сваёй дыскаграфіі. Але пра гэта думаць будуць толькі пасля гастроляў у гонар свайго ўз’яднання. Нагадаю, што турнэ Сцінга і кампаніі пачнецца 28 траўня ў Ванкувэры і працягнецца да лістапада.

Фота: www.nightlife-mag.lu