Польшча пакуль атрымлівае расійскі газ без перабояў

Нягледзячы на загад Аляксандр Лукашэнкі перакрыць падачу газу ў Еўропу, Польшча па-ранейшаму атрымлівае блакітнае паліва без перабояў. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратарка дзяржаўнай газавай кампаніі PGNiG Ёанна Васіцкая-Закшэўская. Закшэўская: “Мы ўвесь час сочым за сітуацыяй. Пакуль мы атрымліваем пастаўкі ў тым памеры, які замаўлялі. Ніякіх заяваў палітыкаў пакуль мы не каментуем. Газ у нас ёсць, і мы верым, што ён будзе ісці і далей”.

Па словах Ёанны Васіцкай-Закшэўскай, ніякай афіцыйнай інфармацыі пра перакрыццё трубаправоду кампанія PGNiG не атрымлівала, а пра намеры Аляксандра Лукашэнкі даведалася толькі з паведамленняў СМІ.

Не бачаць нагодаў для непакою і ў польскай кампаніі “Gaz system”, якая займаецца транспартаваннем газу праз Польшчу. Супрацоўніца прэс-службы кампаніі Ёанна Юшчынска распавяла Еўрарадыё, што яны наўпрост кантактуюць з “Белтрансгазам” і пакуль усё ідзе згодна з кантрактам.

Ёанна Юшчынска: “Афіцыйных папярэджанняў не было, таму што інакш у нас бы была такая інфармацыя. Пакуль нічога дрэннага не адбываецца ў нас. Думаю, што трэба проста чакаць развіцця сітуацыі. Мы ўсё адмерваем і адсочваем, кантралюем. Няма сэнсу рабіць непатрэбнай панікі. Мы не атрымлівалі афіцыйнай інфармацыі, што нешта не ў парадку з газам”.