Польская прэса: Платформа даўно не была такой слабай

Польскія СМІ каментуюць вынікі першага тура прэзыдэнцкіх выбараў. Наперадзе прадстаўнік Грамадзянскай платформы (PO) Браніслаў Камароўскі з 41%, за ім – лідэр “Права і Справядлівасці” (PiS) - каля 37%. "Dziennik Gazeta Prawna" i "Rzeczpospolita" робяць вынову: Платформа за апошнія гады ніколі не была такой слабай, як цяпер.

Яраслаў Курскі ў “Gazecie Wyborczej" піша, што Браніслаў Камароўскі патрабуе мабілізацыі электарату. Ён можа і прайграць. Заможны і малады электарат Камароўскага, у адрозненне ад старэйшага і бяднейшага электарату Качыньскага, можа раз'ехацца ў адпачынкі і не прагаласаваць 4 ліпеня, калі прызначаны другі тур.  

Галоўны рэдактар "Rzeczpospolitej" Павел Лісіцкі зазначае: “Нягледзячы на смаленскую катастрофу і драматычную паводку, палітычныя погляды палякаў застаюцца стабільнымі. Перавага Камароўскага істотная, і ў Качыньскага мала часу, каб дагнаць лідэра. Хутка Польшча можа стаць краінай, якой кіруе адна група. Калі так станецца, Платформа ўжо не будзе мець ніякіх апраўданняў для свайго гультайства”.

"Dziennik Gazeta Prawna" прадугледжвае гарачае сутыкненне Качыньскага і Камароўскага ў другім туры.  

Цяпер фаварыты выбараў заігрываюць з 36-гадовым Гжэгажам Наперальскім – лідэрам сацыял-дэмакратаў, які набраў 13% (за яго прагаласавалі 2 млн чалавек). І Качыньскі, і Камароўскі шукаюць магчымасьці прыўлашчыць выбарцаў Наперальскага.

Сацыял-дэмакраты паказалі выдатны вынік пасля гадоў заняпаду. Многія палітолагі тлумачаць гэта тым, што яны прапанавалі альтэрнатыву дзвюм кансерватыўным сілам – PO і PiS.

Нагадаем, сацыял-дэмакраты Наперальскага патрабуюць бясплатнага ін-вітро для бясплодных пар, парытэтаў для жанчын у выбарчым праве, сапраўднага аддзялення касцёла ад дзяржавы, сэксуальнай адукацыі ў школах.