Польская віза для беларусаў будзе каштаваць 5 еўра
Але толькі да 31 снежня. Паралельна, з 1 снежня, замест 1 лістапада, Консульства Польшчы будзе выдаваць шэнгенскія візы па 60 еўра. Нацыянальная польская віза для беларусаў да 31 студзеня 2007 года будзе па-ранейшаму каштаваць 5 еўра. Пры гэтым увядзенне польскім бокам шэнгенскай візы коштам 60 еўра адтэрміноўваецца на месяц.
Замест планаванага ад пачатку 1 лістапада іх пачнуць выдаваць 1 снежня. Такая дамоўленасць была дасягнутая падчас беларуска-польскіх консульскіх кансультацый, якія адбыліся ў Варшаве 2-3 кастрычніка.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар беларускай амбасады ў Польшчы Дзмітры Выбарны.
“Па прапанове беларускага боку дасягнута дамоўленасць аб пераносе польскім бокам на 1 снежня 2007 года прымянення новых умоў выдачы віз беларусам. Дадаткова польскі бок выказаў гатоўнасць не павышаць тарыф консульскіх збораў на выдачу нацыянальных польскіх віз, якія будуць дзейнічаць да 31 снежня гэтага года”.
Прэс-сакратар польскай амбасады ў Беларусі Моніка Садкоўская пакуль не пацвярджае гэтую інфармацыю, але не выключае, што такое магчыма.
“У мяне пакуль афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Аднак не выключана, што так і будзе”
Як заявіў 2 кастрычніка Руі Перэйра, міністр унутраных спраў Партугаліі, якая цяпер старшынствуе ў Еўрасаюзе, дзевяць новых краін ЕС, сярод якіх і Польшча, павінны ўвайсці ў Шэнгенскую зону за тыдзень да каталіцкага Ражджаства, адпаведна 18 снежня. Раней пашырэнне Шэнгена планавалася з 1 студзеня 2008 года.
Такім чынам, вынікае, што з 1 снежня Консульства Польшчы будзе выдаваць шэнгенскія візы па 60 еўра тэрмінам дзеяння не раней за 18 снежня. А нацыянальную візу тэрмінам да 31 снежня можна будзе атрымаць па ранейшых коштах.
Фота — Agnieszka