Польскія палітыкі цяпер падарожнічаюць новымі самалётамі і асобна

2 новыя самалёты маркі Embraer 175 атрымала польскае Міністэрства Абароны ад кампаніі LOT. Да 2013 года на іх будуць падарожнічаць найважнейшыя асобы ў дзяржаве. 9 чэрвеня новым Эмбраерам ужо паляцеў ў Брусель польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск з дэлегацыяй. Аднак у сувязі з катастрофай пад Смаленскам польскія міністры будуць падарожнічаць асобна, заявіў прэс-сакратар польскага ўрада Павал Грась у эфіры тэлебачання TVN24.

Павал Грась: “На сустрэчу ўрада з еўракамісарамі, прысвечаную падрыхтоўцы да польскага старшынства ў ЕС, частка ўрада паедзе рэйсавымі самалётамі, а прэм’ер Туск і віцэ-прэм’ер Паўляк паедуць асобна. Гэта вынік таго, што здарылася з прэзідэнцкім Ту-154 ”.

Новыя Эмбраеры змяшчаюць па 82 асобы, аднак спецыяльных VIP-салонаў там пакуль няма. Кіраваць машынамі будуць цывільныя пілоты, а не вайсковыя, як гэта было раней.