“Port Mone” і “Ляпіс Трубяцкой” намінаваныя на “Степной волк”

Трэцяе па ліку штогадовае ўручэнне незалежнай музычнай прэміі “Степной волк” адбудзецца ў маскоўскім Цэнтральным Доме мастака 13 чэрвеня. Сёлета ўзнагарода ўручаецца ў 16 намінацыях: “Альбом”, “Песня”, “Відэа”, “Кніга”, “Фільм”, “Дызайн”, “Словы”, “Музыка”, “Голас”, “Інтэрнэт”, “Канцэрт”, “Медыя”, “Месца”, “Дэбют”, “Каталізатар” і “Штосьці”.

Сярод намінантаў – беларускія гурты “Ляпіс Трубяцкой”(“Відэа”, “Словы”) і Port Mone (“Альбом”, “Музыка”).

Па словах аднаго з сяброў журы “Степного волка” і прадзюсера Аляксандра Багданава (Папы Бо), альбом Port Mone “Dip” звярнуў на сябе ўвагу Арцемія Троіцкага падчас праслухоўвання беларускіх дыскаў дзякуючы прапанове музычнага парталу Experty.by.

Папа Бо: “Троіцкі хоча неяк дапамагаць Port Mone. Ён лічыць, што гурт абсалютна выключны, кажа, што такога яшчэ не чуў асабліва на тэрыторыі постсавецкай прасторы. У далейшым Троіцкі збіраецца ім садзейнічаць, і ў якасці першага кроку ён запрасіў іх на “Степного волка”.

У ролі сябра журы Папа Бо вылучыў Port Mone у двух намінацыях і апынуўся не адзіным чалавекам, які зрабіў тое самае.

Нагадаем, прэмія “Степной волк” была заснаваная Арцеміем Троіцкім у 2008 годзе. Мэта прэміі – адлюстроўваць рэальную якасць сучаснай музыкі, яе творчы і наватарскі зарад.

Сярод сёлетніх намінантаў – Эдуард Хіль, Noize MC і гурты “Мегаполис”, “Рубль”, “Мумий Тролль”, Tequilajazzz, NRKTK, Billy’s Band. Весці цырымонію ўручэння будзе яе аўтар Арцемій Троіцкі.