Portishead нарэшце выдаюць альбом

Англійскія трып-хоперы Portishead скончылі працу над сваім новым студыйным альбомам, паслядоўнікам аднайменнага "Portishead" 1997-га года.  Зараз Джэф Бэроў, Бэт Гібонс і Адрыян Утлі знаходзяцца ў лонданскай студыі, дзе працуюць над апошнімі дэталямі рэлізу. Назву для новага дыска гурт яшчэ не прыдумаў, невядомая пакуль і дата выхаду кружэлкі.

Нагадаю, што Portishead пачалі працу над трэцім студыйным альбомам у 2005-м годзе, аднак у працэсе падрыхтоўкі матэрыялу ў музыкаў пачаўся творчы крызіс. Тым не менш, крызіс быў паспяхова пераадолены, і ўжо вельмі хутка гурт прадставіў наведвальнікам сваёй Інтэрнэт-старонкі некалькі новых песняў.

Зараз удзельнікі калектыву складаюць трэк-ліст новай кружэлкі і падбіраюць вокладку для дыска. Паводле словаў Джэфа Бэроў, у бліжэйшы час гурт пачне рэпетыцыі і жывыя выступы.

Фота: www.ondarock.it