Працэдуру абрання "адзінага" вызначаць з дапамогай анкетаў

Працэдуру абрання “адзінага” ўдзельнікі круглага стала па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў вызначаць з дапамогай анкетавання. Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч. Мікола Статкевіч: “Мы падрыхтавалі анкету экспертнага апытання. У якасці экспертаў выступілі ўсе удзельнікі “круглага стала”. І зараз я чакаю запоўненых анкетаў, каб правесці апытанне наколькі аб’ектыўна тая ці іншая працэдура дапаможа нам выбраць кандыдата, які адпавядае неабходным патрабаванням”.

У круглым стале па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў бяруць удзел Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандр Ярашук, Лявон Баршчэўскі, Аляксандр Казулін, Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў і Ўладзімір Колас. І нягледзячы на тое, што палітыкі збіраюцца на свае пасяджэнні штотыдзень, Статкевіч лічыць, што яны да гэтага часу не гатовыя  вызначыць нават працэдуру абрання “адзінага”.

Мікола Статкевіч: “Праца ідзе вельмі марудна і, сапраўды, мы спазняемся. Але, на мой погляд, лепш спазняцца, чым сарваць гэтую працу. І, на мой погляд, “круглы стол” зараз не гатовы вызначыць нават працэдуру абрання адзінага кандыдата. Але гэта не гаворыць пра тое, што ён у бліжэйшы час не будзе гатовы да гэтага”.

Перашкаджаюць станоўчай працы “круглага стала”, на думку Статкевіча, асабістыя амбіцыі прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Маўляў, кожны з іх упэўнены, што самастойна здольны правесці кампанію, сабраць подпісы і атрымаць падтрымку выбаршчыкаў.

Мікола Статкевіч: “Калі спадзяванні забяспечыць сваю каманду, кампанію і дзякуючы гэтаму зрабіцца не “адзіным”, а “адзінокім” кандыдатам, тады рэзка ўзрасце дамоваздольнасць апазіцыі”.

Анкеты з прапановамі па працэдуры абрання “адзінага” павінны быць здадзеныя удзельнікамі “круглага стала” да канца гэтага тыдня. Вось толькі Статкевіч не выключае, што кожны з палітыкаў сваю працэдуры прызнае лепшай і ўсё пачнецца з пачатку.