Працягваецца справа выселенай сям'і Абрамавых
Шасцігадовая Маша Абрамава, якая рашэннем суда выселеная з кватэры без прадстаўлення жылля, хварэе цяпер на вятранку. Тым не менш адміністрацыя школы №7 Брэста хоча любым коштам даследаваць умовы яе пражывання. Намесніца дырэктара школы па выхаваўчай працы Святлана Папко выказала жаданне “прайсціся камісіяй хаця б па суседзях”.
Спадарыня Папко сказала "Еўрарадыё": Існуюць правы дзіцяці. Так? Права на пражыванне. Школа - гэта адзін з бакоў. Яна павінная абараняць правы дзіцяці, так? Так. Класны кіраўнік павінен ведаць умовы пражывання. Адразу пасля публікацыі я праверыла, наколькі класны кіраўнік валодае гэтай інфармацыяй.
Нагадаем, у судзе прадстаўнік службы аховы дзяцінства аддзела адукацыі Маскоўскага раёна Брэста прадстаўляў інтарэсы дзіцяці і не змог абараніць права дзіцяці на жыллё.
Карэспандэнт "Еўрарадыё" спытаўся ў спадарыні Папко, чаму недастаткова вераснёўскага абследавання. У закона ёсць не толькі літара, але і дух, адказала яна.
Пададзеная апеляцыя, і пакуль Абрамавы застаюцца у кватэры. Маці Машы Інга Абрамава сказала ў інтэрв'ю "Еўрарадыё": "З панядзелку агрэсія зацятых педагогаў нібыта пайшла на спад".
"Еўрарадыё" не аднойчы пісала пра справу прымусовага высялення апазіцыйнай сям'і Абрамавых з кватэры. Паводле шэрагу праваабарончых арганізацый, высяленне незаконнае і можа быць звязанае з палітычным пераследам.