Прадаецца футболка "БАТЭ" з аўтографамі гульцоў

На аўкцыён выстаўленая футболка паўабаронцы "БАТЭ" Сяргея Крыўца. Свае аўтографы на ёй паставілі ўсе гульцы барысаўскай каманды. Грошы ад яе продажу пайдуць на аперацыю па перасадцы сэрца для беларускага хлопчыка Мішы Ларына. Гэты аўкцыён адбываецца ў рамках другой часткі акцыі "Сэрца жыве". Падчас яе вядомыя людзі выстаўляюць на продаж свае рэчы, каб дапамагчы сабраць 350 тысяч еўра, неабходных для лячэння Мішы Ларына.

На мінулым тыдні свайго новага гаспадара знайшла акустычная гітара лідэра "J:морс" Уладзіміра Пугача. Наступным удзельнікам акцыі стаў Сяргей Крывец, які забіў гістарычны для беларускага футболу гол у вароты "Ювентуса".

Пачатковы кошт футболкі — 200 долараў ЗША. Гандаль працягнецца да 17 гадзінаў 27 хвілінаў 15 снежня.


Акцыя "Сэрца жыве"