Прадпрымальнікі прапанавалі вярнуць кіёскі і дазволіць наймаць работнікаў

Індывідуальныя прадпрымальнікі прапаноўваюць Аляксандру Лукашэнку разгледзець пытанне аб прафесійнай прыдатнасці і ступені адпаведнасці займанай пасадзе міністра гандлю, міністра эканомікі, а таксама міністра па падатках і зборах.
Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 21 верасня ў Мінску на Усебеларускім саміце прадпрымальнікаў.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца патрабаванне дазволіць гандляваць беларускім півам у кіёсках і павільёнах, спыніць практыку канфіскацыі тавараў і накладання вялікіх штрафаў, аб'явіць мараторый на праверкі прадпрымальнікаў тэрмінам на два гады.

Апрача таго, прадпрымальнікі настойваюць на адмене забароны на наём ІП работнікаў, а таксама на аднаўленні кіёскаў у Мінску і іншых гарадах "для аптымізацыі рознічнага гандлю і падтрымкі тавараабароту".

Тэкст дакумента будзе адпраўлены ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў, абласныя выканкамы і Мінгарвыканкам.

БелаПАН