Прадпрымальнікі змянілі тактыку
Прадпрымальнікі выказваліся
супраць прынятага прэзідэнтам указа №760. Але “трыванне на сыходзе” было толькі
ў чатырохсот чалавек, якія прыйшлі на мітынг.
ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
У адпаведнасці з гэтым указам усім
індывідуальным прадпрымальнікам неабходна атрымаць статус юрыдычнай асобы ці
працягнуць займацца камерцыйнай дзейнасцю ў форме аб’яднання некалькіх ІП у мікрапрадпрыемствы.
Цікава ўзгадаць мінулагоднія акцыі прадпрымальнікаў,таму што такое
мерапрыемства адбываецца ўжо другі раз. Так, увесну 2006 году некалькі тысячаў
прадпрымальнікаў адмовіліся працаваць і прайшліся маршам па Мінску.
Акцыя
праводзілася супраць увядзення падатку на даданы кошт. Тады прадпрымальнікі
дамагліся сваёй мэты і замест ПДК быў уведзены адзіны падатак. Справа ў тым,
што ў мінулым годзе не было аніякіх палітычных патрабаванняў.
Калі пад
канкрэтныя эканамічныя патрабаванні ў 2006 годзе выходзіла некалькі тысяч
прадпрымальнікаў, то ў гэтым годзе выйшла не больш за некалькі соцень.
Але
арганізатары, нягледзячы на малую колькасць удзельнікаў, гавораць, што гэта
толькі пачатак. гаворыць адзін з арганізатараў мерапрыемства прадпрымальнік Аляксандр Макаеў:
“Намі было заяўлена пра
правядзенне мітынгу прадпрымальнікаў у сакавіку і наёмных працоўных 1 траўня.
Гэту стратэгію мы не будзем здымаць. Намі заяўлена аб правядзенні
рэспубліканскага страйку 25 сакавіка, таму што праблемы вельмі сур’ёзныя і
чыноўнікі ды ўлада не ідуць на саступкі прапрымальнікам.”
Раней прадпрымальнікі спрабавалі дамовіцца з уладамі. На працягу двух
месяцаў праходзілі перамовы з рознымі міністэрствамі, але, на жаль, няўдала.
Пасля гэтага прадпрымальнікі наважыліся на грамадскую акцыю.
Еўрарадыё паспрабавала
даведацца погляд саміх мітынгоўцаў. Многія з іх апынуліся загнанымі ў кут.
Гаворыць Ірына Камінская,
прадпрымальніца з Гомелю:
“У мінулым годзе дзяржаўная
палітыка была накіравана на тое, каб даць крэдыты прадпрымальнікам, тым самым
падняць з кален малы бізнэс. Крэдытавалася каля 5000 прадпрымальнікаў, але тады
яны ўжо не здольны зарэгістравацца як юрыдычныя асобы.
Для гэтага спачатку
трэба будзе выплаціць крэдыты, пагасіць усе пазыкі і зачыніць індывідуальнае
прадпрымальніцтва. Я не магу перарэгістравацца таму, што маю забавязанне перад
банкам, я брала крэдыт як прадпрымальнік.
Такое былі здольны выдумаць толькі
ідыёты. Гэта не малы бізнэс, гэта знішчэнне малога бізнэсу. Спачатку адной
рукой даюць, потым другой задушваюць.”
Цікава, але трэба адзначыць, што ўчора быў выходны дзень для прадпрымальнікаў
– ніводны з беларускіх рынкаў не працуе па панядзелках. Становіцца страшна,
калі падумаць, колькі прадпрымальнікаў будзе ўдзельнічаць у акцыі 25 сакавіка.
Мы
запыталіся у старшыні Саюза прадпрымальнікаў горада Баранавічы Алега Башко, ці падтрымлівае ён будучыю
палітычную акцыю беларускай апазіцыі 25 сакавіка. Вось што ён распавёў:
“Мы, як прадпрымальнікі,
падтрымліваем, таму што палітыкамі зараз падымаюцца і нашы праблемы. Хаця ў
мяне заўсёды была палітыка такая: палітыка палітыкай, а мне дайце працаваць і
сям’ю карміць.
Але ж не перашкаджайце нам працаваць. Усё ж такі мы грамадзяне гэтай
краіны. А тут атрымліваецца, што мы не грамадзяне, а нейкія адкіды грамадства.”
На учорашнім мітынгу прысутнічалі амаль усе кіраўнікі беларускай апазіцыі: Аляксандр
Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка ды іншыя. Некаторыя нават бралі
слова. Але ці дапаможа беларускім прадпрымальнікам прысутнасць на іх мітынгах
беларускай апазіцыйнай эліты?
Раней апазіцыі было за звычай зайздройсціць
прадпрымальніцкім акцыям. Палітыкі не былі здольны вывесці на грамадскія акцыі
столькі ўдзельнікаў. Але падаецца, што зараз усё змяняецца. І наша краіна
становіцца больш палітызаванай?
Разам з Вамі спрабаваў разабрацца ў праблемах прадпрымальніцкага руху
Зміцер Траўчук, Еўрапейскае радыё для Беларусі.